Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Найстарэйшы святар Гродзенскай дыяцэзіі адзначае 59-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
30.09.2015 09:56

30 верасня кс. прэлат Юзаф Трубовіч, найстарэйшы святар Гродзенскай дыяцэзіі, адзначае 59-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння. У гэты дзень ксёндз прэлат дзякуе Богу за дар святарства і за ўсіх людзей, каго Пан паставіў на яго жыццёвым шляху.

Будучы святар нарадзіўся 1 студзеня 1926 года на Віцебшчыне, у вёсцы Невярышкі на Браслаўшчыне, у сям’і Баляслава Трубовіча і Генаэфы з Міцкевічаў-Сташэўскіх. Яго бацька быў шаўцом, маці – хатняй гаспадыняй.

З дзяцінства марыў аб святарстве

Пакліканне да святарства ксёндз прэлат адкрыў вельмі рана, будучы яшчэ дзіцём. Падчас сустрэч ён часта ўзгадвае адзін момант, звязаны з распазнаннем паклікання, які глыбока ўвайшоў яму ў сэрца. Ён служыў міністрантам ў касцёле. Аднойчы арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, які прыехаў у касцёл на сакрамэнт канфірмацыі, спытаў, хто з хлопчыкаў хоча стаць святаром. Як узгадвае кс. Трубовіч, у той момант ён пасаромеўся падняць руку, але пасля моцна перажываў, бо вельмі хацеў стаць ксяндзом. Тады яму ледзьве было 12 гадоў.

З самага дзяцінства ён часта хадзіў у сваю парафіяльную святыню на Імшу. Касцёл для яго быў усім, бо менавіта з Богам ён хацеў будаваць сваю будучыню. Таму, калі настаў спрыяльны час, ён пайшоў за голасам Бога і ўжо 59 гадоў, як кажа сам, стараецца быць Яму верным ва ўсім.



 

Скончыў духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 30 верасня 1956 г. у Рызе з рук біскупа Казіміра Дулбінскага. Пасля на працягу 20 гадоў служыў у Латвіі: спачатку як вікарый у Ліепаі, потым як пробашч парафіі ў Курмені, парафіях у Канкалі і Эрбергу.

У Беларусь прыбыў у 1977 г., па просьбе гродзенскіх вернікаў стаў служыць у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне (францішканскі касцёл). Тут у кс. Трубовіча было шмат працы: як сам ён узгадвае ў сваёй першай кнізе, «хворым быў вельмі патрэбны святар, адна машына прывозіла ад хворага, а другая ўжо чакала». Штогод было «каля чатырохсот хростаў, каля ста васьмідзесяці шлюбаў, нягледзячы на пераслед, кожны год каля двухсот дзяцей да першай Камуніі і частыя пахаванні», і «было так на працягу 11 гадоў» — «нельга было пакінуць парафію і ехаць на адпачынак».

У 1988 г. ксёндз Юзаф Трубовіч быў адазваны біскупам Я. Вайводсам у Рыгу працаваць прэфектам семінарыі. Адсюль вялікі клопат святара аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле і нястомная малітва, каб Бог паслаў новых працаўнікоў на сваё жніво. Ксёндз Трубовіч мае шмат выхаванцаў, якія сталі святарамі, і натхняе на тое, што новыя пакліканні нараджаюцца менавіта з ласкі самога Бога і дзякуючы малітве людзей.

Пасля чатырох гадоў працы ў рыжскай семінарыі святар вярнуўся ў Гродна, дзе затым сем гадоў быў пробашчам катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя. З 1999 г. ксёндз Юзаф Трубовіч з’яўляецца рэзідэнтам пры гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.



Напісаў дзве кнігі

Святар напісаў дзве кнігі, першую з якіх — «Шлях звычайнага жыцця» — выдаў у 2006 г. з нагоды 50-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння. У кнізе святар падзяліўся ўспамінамі з савецкіх часоў і ўражаннямі душпастырскага служэння. Другая кніга пад назвай «Як наконт праўды і рэальнасці?» выпушчана ў 2013 г. выдавецтвам Гродзенскай дыяцэзіі, у ёй аўтар прыгадвае навучанне Касцёла ў пытаннях веры, перасцерагае перад дзеяннем шатана.

Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч — вялікі шанавальнік святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. Адразу пасля яго нараджэння маці святара аддала яго ў апеку гэтай святой. На ўзор св. Тэрэзы ксёндз Трубовіч жадае гэтак жа абвяшчаць імя Бога і паставіць на зямлі няверных Яго крыж — а каб гэта магло ажыццявіцца, святару патрэбна пастаянная малітва вернікаў, дзякуючы якой ён зможа ўзрастаць у сваім пакліканні, а ў цяжкасцях пакладаць надзею ў Езусе.

Любіць Бога і людзей


Сёння, дзякуючы Богу за дар святарства і пакліканне да служэння ў Хрыстовым Касцёле, ксёндз прэлат трымаецца вельмі добра. Штодзённа ён з вялікай стараннасцю цэлебруе святую Імшу ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, штодзённа прамаўляе гамілію. Працягвае атачаць вялікім клопатам дзяцей і моладзь. Вельмі клапоціцца аб тым, каб шмат маладых людзей прысвяцілі жыццё служэнню Богу, Касцёлу і людзям, бо, як сам прызнае, сучаснаму чалавеку патрэбны Бог, патрэбны святар, сястра законная…



 

Дзякуючы Богу за гэтае прыгожае жыццё і прыгожае святарства, ксёндз прэлат просіць Яго надалей весці і адорваць патрэбнымі ласкамі ў рэалізацыі паклікання. Усіх вернікаў святар просіць аб малітве, таму што малітвы ніколі не бывае занадта шмат. 2016 год будзе для кс. Юзафа Трубовіча асаблівым, бо яго чакаюць два вялікія юбілеі: 60-годдзя святарства і 90-годдзя з дня нараджэння.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.