У Гродне адсвяткавалі ўспамін святога Францішка |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
05.10.2015 20:06 |
Не стаў выключэннем і горад на берагах Нёмана. 3 кастрычніка раніцай браты і сёстры тэрцыярыі з Гродна сабраліся ў касцёле Маці Божай Анёльскай на традыцыйны дзень засяроджання пад духоўнай апекаю а. Антонія Пажэцкага, гвардыяна гродзенскай супольнасці францішканаў. Разважанне над запаветам святога падчас канферэнцыі, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, святая Імша з прыняццем новых кандыдатаў у Францішканскі Ордэн свецкіх сталі добрай магчымасцю духоўна падрыхтавацца да ўрачыстасці Серафіна з Асізі. З зямнога жыцця да хвалы нябеснай, альбо «Транзітус»
Пасля суботняй вячэрняй святой Імшы святло ў святыні паволі гасне. Паўзмрок ля алтара святога Францішка напаўняецца ззяннем свечак. Пад гукі аргана і скрыпкі ў святле паходняў працэсія з крыжом святога Дам’яна і рэліквіямі Бедака з Асізі набліжаецца да жадаючых перажыць гэты вечар у незабыўнай атмасферы еднасці і малітвы. Пачынаецца асаблівае францішканскае набажэнства «Транзітус» — успамін пераходу святога Францішка з зямнога жыцця да хвалы нябёсаў, успамін нараджэння для неба таго, для каго смерць сталася сястрою. Не спакойнага жыцця, але ўнутранага супакою У рэгуле францішканскага ордэна яго заснавальнік радзіць, каб браты «перадусім прагнулі атрымаць Духа Пана». Ідучы за думкай Серафіцкага Айца, у дзень яго ўспаміну 53 вернікі парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне атрымалі сакрамэнт канфірмацыі з рук біскупа Віцебскага Алега Буткевіча падчас урачыстай Імшы.
Біскуп Алег Буткевіч, кажучы пра асобу святога Францішка як пра прыклад свабоды духу праз убоства, пост і глыбокую веру, нагадаў, што прыняць сакрамэнт хрысціянскай сталасці, «прыняць Духа — значыць пагадзіцца на Яго кіраўніцтва, што не вядзе да спакойнага жыцця, але дае ўнутраны супакой». Пасля ўрачыстай працэсіі настаў час для францішканскай радасці — «фірмовай маркі» ордэна. Адчуць яе францішканам, парафіянам і ўсім прысутным дапамог семінарыйны гурт «AVE» — суседзяў з другога берага Нёмана. Іх галасы і гітары дапамаглі не толькі больш урачыста і натхнёна перажыць літургію, але і наспявацца і напляскацца ў далоні на Божую хвалу.
Святы Францішак, аўтар «Гімна брату Сонцу», са сваёй любові да Створцы і стварэння нездарма з’яўляецца апекуном экалогіі (да якой заклікае Папа Францішак, які ўзяў яго імя). Усіх, хто жадаў падзякаваць Богу за дар прыроды, разам з іх хатнімі «стварэннямі» браты францішкане запрасілі на пляц перад святыняй, дзе біскуп Алег Буткевіч памаліўся разам з прыхільнікамі экалогіі і асвяціў іх хатніх жывёл.
Бр. Яўген Голуб Conv |
Фотарэпартаж |