Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь смаргонскага араторыя здзейсніла «Чароўны ваяж»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
06.10.2015 12:58

3 кастрычніка ў араторыі св. Яна Боско ў Смаргоні адкрыўся новы навучальны год. Спачатку моладзь сабралася на галоўную падзею свята – святую Імшу, каб падзякаваць Богу за летні адпачынак, магчымасць збірацца разам, за святароў, сясцёр законных, супрацоўнікаў і аніматараў, якія служаць на карысць маладым.

Падчас Імшы ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB звярнуў увагу прысутных на важнасць Божага слова не толькі на бумазе, але і перажыванні яго ў штодзённым жыцці праз канкрэтныя крокі. Таксама святар падкрэсліў неабходнасць быць адзінымі ў сям’і, школе, на працы, несці супакой і любоў туды, дзе мы знаходзімся.

Пасля Імшы моладзь сабралася ў араторыі, каб разам адправіцца ў «Чароўны ваяж». Гэтае падарожжа было незвычайным, таму што на працягу ўсёй дарогі моладзі было прапанавана пазнаваць дары Духа Святога: мудрасць, розум, раду, мужнасць, умеласць, пабожнасць, боязь Божую. Гэта невыпадкова, таму што дэвіз Салезіянскай сям’і на 2016 год - «Разам з Езусам перажываем прыгоды Духа Святога». Кожны прыпынак - нешта новае і незвычайнае, тое, што дапамагала кожнаму маладому чалавеку адчуць на сабе той ці іншы дар Духа Святога.

Напрыканцы падарожжа ўдзельнікі апынуліся на прыпынку «слоўка на дабранач», якое моладзі было прапанавана паглядзець праз маленькую сцэнку, што паказала прысутным школьную жыццёвую сітуацыю, шчырыя адносіны паміж сябрамі і іх узаемаразуменне. Пасля ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB разам з удзельнікамі свята падвялі выснову гэтага прадстаўлення, звярнуўшы ўвагу на тое, што трэба слухаць адзін аднаго, быць разам у вырашэнні якойсьці праблемы, а значыць, быць адзінымі.

Вечар працягнуўся дыскатэкай.

Паводле www.sdb.by

(AG)

 

 

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.