Вечныя манаскія абяцанні склала ў Гудагаі с. Марыя Вераніка ад Божай Міласэрнасці |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
07.10.2015 15:26 |
Месяц верасень стаў асаблівым часам для сястры Марыі Веранікі ад Божай Міласэрнасці: у апошнія дні месяца яна склала вечныя манаскія абяцанні ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі. Законніца належыць да Кангрэгацыі Сясцёр Кармэлітак ад Дзіцятка Езус, заснавальнікамі якой з’яўляюцца а. Анзэльм ад св. Андрэя Гарсіні і Марыя Тэрэза ад св. Юзафа (Тэрэза Керацінская). Супольнасць нарадзілася на тэрыторыі Польшчы і распаўсюдзілася ў шматлікіх краінах, у тым ліку ў Беларусі.
Усе хрысціяне пакліканы да святасці, якая базуецца на дасканалай Любові, і праз моц Святога Духа кожны ахрышчаны таксама пакліканы захоўваць чыстасць, убоства і паслухмянасць, уласцівыя яго стану жыцця. Аднак Езус падчас свайго зямнога жыцця больш цесна навязваў адносіны з некаторымі сярод сваіх вучняў і паклікаў іх, каб яны не толькі прынялі Божае Валадарства, але і каб аддалі сваё існаванне дзеля гэтай справы, пакідаючы ўсё і верна наследуючы Яго спосаб жыцця.
Склаўшы манаскія абяцанні, законная сястра абавязана практыкаваць тры евангельскія парады: чыстасць, убоства і паслухмянасць, цалкам аддаючыся ва ўласнасць па-над усё любячаму Богу. (AG)
|