Апостальскі Нунцый узначаліў адпустовую ўрачыстасць у Шчучыне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
16.10.2015 16:48 |
Да галоўных урачыстасцяў, звязаных з 500-годдзем з дня нараджэння св. Тэрэзы з Авілі, супольнасць вернікаў на працягу 40-гадзіннага набажэнства падрыхтоўваў а. Юрый Кулай OCD, які нясе паслугу ў парафіі Мядзеля (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія). На ўрачыстасць быў запрошаны Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які ўзначаліў галоўную адпустовую Імшу. На пачатку гаміліі арцыбіскуп перадаў прывітанне ад Папы для ўсіх вернікаў парафіі. Спасылаючыся на літургічныя чытанні, Апостальскі Нунцый прыгадаў пра святую Тэрэзу і пра цярпенне, якое яна перажывала на шляху аднаўлення сваёй супольнасці. Арцыбіскуп нагадаў таксама пра заснавальніка айцоў піяраў — св. Юзафа Каласанcа, які падобна да святой Тэрэзы перажываў непаразуменні і ціск з боку закону, вызначаючы заданне для піяраў, каб ісці туды, дзе дзецям і моладзі патрэбна дапамога. Сярод запрошаных гасцей быў таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары і сёстры законныя з дэканату і дыяцэзіі, а таксама браты ў веры — праваслаўныя. Адпустовая ўрачыстасць стала таксама нагодай, каб асвяціць нядаўна адноўленыя арганы, што і было зроблена Апостальскім Нунцыем пасля ўдзялення Камуніі. Пасля літаніі да святой Тэрэзы і эўхарыстычнай працэсіі ўсім запрошаным гасцям была выказана падзяка. Пробашч парафіі а. Вітальд Пяцельчыц SChP падзяліўся інфармацыяй з арыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці, што ўжо больш за 20 гадоў у кожны трынаццаты дзень месяца парафія моліцца ў інтэнцыі прыезду Святога Айца ў Беларусь: «Мы верым, што Бог выслухае нашыя малітвы і падчас наведвання Папам нашай краіны, можа быць, прыгадае і пра Шчучын». А. Віталій Слука SP, (AYU) Фота Сяргея Хільмановіча
|
Фотарэпартаж |