Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Быць сонцам і быць свабодай: прайшла пастырская сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.10.2015 17:49

Пастырская сустрэча святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, адбылася 16 кастрычніка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Гэта сустрэча патрэбна для таго, каб кожны святар мог затрымацца на хвіліну і праверыць, ці ў яго штодзённым служэнні Богу і людзям ідзе ўсё добра.

Паглыбленню адносін з Богам і засяроджанню над сваім жыццём спрыяла адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, на якой быў час на індывідуальную размову з Богам.

На сустрэчы, якая адбылася ў дзень абрання кардынала Караля Вайтылы, а на сёння святога Яна Паўла ІІ, на Пятровы Пасад у 1978 годзе, духоўны айцец святароў Гродзенскай дыяцэзіі айцец доктар Андрэй Шчупал CSsR прачытаў даклад на тэму «Святарскае абуджэнне». Айцец Андрэй Шчупал заахвочваў, каб святары нанова вярнуліся да сваёй першаснай стараннасці, да таго моманту, калі палюбілі ўсім сэрцам свае штодзённыя абавязкі, і каб служэнне было для іх толькі радасцю.

«Трэба, каб мы сталі падобнымі да Хрыста, каб мы з’ядналіся з Ім і Яго Касцёлам. Хрысту і Яго Касцёлу давярае верны народ, які ведае, што Касцёл ніколі не вёў да памылак, да зла, да згубы», — казаў духоўны айцец святароў.

«Калі мы хочам асвятляць іншых, мы самі павінны быць сонцам. Калі мы хочам вызваляць ад няволі граху, мы самі павінны быць свабодай», — заўважыў дакладчык.


Потым а. Андрэй Шчупал заахвочваў, каб кожны святар з самага пачатку ставіў для сябе высокія патрабаванні, а ў цэнтр свайго жыцця заўсёды ставіў Езуса Хрыста і быў да распараджэння сваіх вернікаў.

Святую Імшу падчас сустрэчы ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які на пачатку літургіі агучыў інтэнцыі малітваў. Асаблівым чынам іерарх заклікаў да малітвы за Святога Айца Францішка, за працу Сінода Біскупаў, пасяджэнні якога прысвечаны праблемам сям’і, і за самі сужэнствы і сем’і. На Імшы таксама быў прысутны дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Гамілію прамовіў духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Здзіслаў Вэдэр SDB, які закрануў тэму святарскай добрасумленнасці.

«Нас абавязвае элементарная добрасумленнасць, мы не можам быць падвоенымі», — адзначыў святар.


Ксёндз Здзіслаў Вэдэр дадаў, што кожны святар павінен быць сумленным найперш перад Богам, Касцёлам, а таксама перад людзьмі, сярод якіх служыць і з якімі бачыцца кожны дзень. Духоўны айцец семінарыі прыгадаў, што святарства павінна быць штодзённым даваннем сведчання пра Хрыста.

Наступная душпастырская сустрэча святароў Гродзенскай дыяцэзіі адбудзецца 17 лістапада і пройдзе ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.