Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Свята сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі адбылося ў Лідзе (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.10.2015 14:12

Цеплыню роднага дома і любоў можна было адчуць 17 кастрычніка ў парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, дзе прайшла сустрэча сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі. На сустрэчу прыбыло шмат сужэнстваў разам з дзецьмі з розных бакоў дыяцэзіі.

У свяце прынялі ўдзел і тыя сем’і, якія ў гэтым годзе адзначаюць юбілей сужэнства, а таксама тыя, якія толькі заключылі сёлета сакрамэнтальны сужэнскі саюз.

Сустрэчу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які быў яе ініцыятарам. На сустрэчу прыбыў таксама біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, Старшыня Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Удзельнікі сустрэчы маліліся за Святога Айца Францішка, за Сінод Біскупаў на тэму сям’і, які праходзіць зараз у Ватыкане, і за самі сужэнствы і сем’і.

Лідская парафія была абрана месцам правядзення гэтай сустрэчы невыпадкова. Апекунамі парафіі з’яўляецца Святая Сям’я – вялікі і годны ўзор для наследвання для маладой парафіяльнай супольнасці. У парафіі актыўна праводзіцца душпастырства сем’яў, якое ўключае сотні сужэнцаў, што знаходзяць час на фармацыйныя сустрэчы і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. Пробашч парафіі кс. Юзаф Ганьчыц заўсёды гасцінна прымае ў парафіяльнай святыні, ствараючы сапраўдную сямейную атмасферу, каб кожны мог адчуваць сябе як дома.



 

У гэты дзень кожны ўдзельнік сустрэчы мог адчуць шмат радасці і духоўных перажыванняў. Супольная малітва цэлых сем’яў, прыгожы спеў, цёплыя размовы — адным словам, любоў злучала прысутных.

Малітва, Святое Пісанне і дыялог — аснова сям’і

Узрушальным момантам быў час сведчанняў, калі сужэнцы дзяліліся ў асноўным досведам радасці жыцця ў сакрамэнтальным саюзе, згодным з вучэннем Касцёла, і тым, як яны рэалізуюць сваё пакліканне як бацька і маці.

Падчас сведчанняў сужэнцы моцна акцэнтавалі патрэбу практыкавання супольнай малітвы ў сем’ях — фундаменту кожнай сям’і. Таксама гаварылася пра часты зварот да чытання Святога Пісання, якое дапамагае ў вырашэнні сужэнскіх крызісаў, і пра правядзенне дыялогу, які заўсёды з’яўляецца асновай здаровых адносін і дапамогай у вырашэнні розных пытанняў, звязаных з выхаваннем дзяцей і сужэнскімі адносінамі.

Удзельнікі сустрэліся таксама за супольным абедам, прыгатаваным у адным катле. Быў час на абмен досведам і на знаёмства.

Дзеці і моладзь — радасць і надзея

«Шчасце ў дзецях — найлепшы дар у свеце!» Гэтыя словы шмат разоў закраналі думкі ў гэты дзень. На кожнай сустрэчы ёсць свая праграма і немагчыма ўсё запланаваць загадзя, аднак у тым і рэч: «Мы робім тое, што залежна ад нас, а ўсё астатняе — Божая справа!»

На «сямейную» сустрэчу прыехала шмат не толькі сужэнскіх пар, але і іх «будучыні» — дзяцей. Вядома, дзеці не могуць доўга быць на адным месцы і траціць шмат часу на адну справу, іх перапаўняе энергія жыцця.



 

«Вясёлка талентаў», якую падрыхтавалі валанцёры парафіі Святой Сям’і, дапамагла дзецям стварыць прыгожыя паштоўкі і кветкі для сваіх маці. Шмат забаваў было на пляцоўцы «Спартыўны каламбур», дзе і біскуп Аляксандр Кашкевіч танчыў з дзецьмі «маленькіх качанят». Былі і сюрпрызы: падарожжа «цягніком усмешак», размова па «Радыё Вална — Бяспечнае дзяцінства» і іншае. Дзеці, нягледзячы на розны ўзрост, ахвотна далучаліся да забаваў, якія ім прапаноўвалі салезіянскія аніматары разам з с. Ірынай Барцэвіч FMA і а. Эдвардам Пяцельчыцам CSsR.

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што ў свеце шмат сем’яў, якія, нягледзячы на розныя цяжкасці, стараюцца верна рэалізаваць Божую задуму ва ўласным сужэнскім і сямейным жыцці. «Дзякуем Богу за ўсе шчаслівыя і трывалыя сужэнствы, якія з’яўляюцца відавочным доказам таго, што Бог не патрабуе ад людзей нічога, што перавышае іх магчымасці», — сказаў гродзенскі ардынарый.

Па словах іерарха, існуюць сужэнствы, якія перажываюць розныя крызісы, і такія, якія пасля многіх гадоў распадаюцца, і Касцёл усведамляе абавязак нясення дапамогі такім сем’ям. Біскуп заахвоціў падтрымліваць малітвамі ўсе сем’і, якія распаліся і перажываюць цяжкасці, каб дзякуючы Божай ласцы і дапамозе бліжніх яны знайшлі супакой сэрца, сэнс і радасць жыцця.

Гамілію прамовіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, які быў удзельнікам сёлетняй Сусветнай сустрэчы сем’яў у Філадэльфіі (ЗША). Іерарх падзяліўся ўражаннямі з гэтай сустрэчы і перадаў словы Папы Францішка, скіраваныя падчас яе.



 

Выхаванне дзяцей і евангелізацыя – важныя задачы сужэнцаў

«Вобраз Святой Сям’і з’яўляецца для нас святлом, вызначаючым правільную дарогу на бурлівым моры сучаснага свету, каб трапна дапамагаць сем’ям у іх місіі і пакліканні», — звярнуў увагу біскуп Антоні Дзям’янка.

Па словах іерарха, сужэнцы «павінны ўдзельнічаць у любові закаханых да Хрыста, клапаціцца аб дзецях, перадаючы ім спакойна і з даверам сэнс жыцця, сілу веры, паказваючы ім узнёслыя мэты і падтрымліваючы іх асабліва тады, калі яны слабыя і нясталыя».

Біскуп нагадаў, што сям’я — «месца фармацыі чалавечнасці і асяроддзе для евангелізацыі». «У сучасным свеце ёсць вялікая неабходнасць у сталай веры бацькоў, сведчанні сужэнцаў і цэлых сем’яў, каб Евангелле аб сям’і было перададзена з радасцю і любоўю тым, каго асабліва закрануў крызіс веры, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — сказаў пінскі ардынарый. — Многія сем’і сёння змагаюцца з праблемай нявер’я сваіх дзяцей, заўважны рост разводаў і нефармальных саюзаў. Таму з яшчэ большым перакананнем трэба абвяшчаць Евангелле аб сям’і, дадзенае Богам Айцом праз Езуса Хрыста».

Біскуп дадаў, што «таямніцу любові ў сям’і можна зразумець, углядаючыся ў Марыю і Юзафа, якія схіляюцца над малым Езусам». «Кожная сям’я мае штосьці з Назарэтанскай Сям’і. Кожная сям’я мае задачу практыкавацца ў такой ахвярнай любові, — заўважыў іерарх. — Там, дзе ёсць любоў, не існуе адзінота. Трэба знайсці час на тое, каб затрымацца, паразмаўляць, шукаць месцаў і сітуацый, якія б спрыялі пабудове трывалых сувязяў».



 

Падчас Імшы пары аднавілі свае сужэнскія абяцанні, прыгадаўшы дзень заключэння сакрамэнтальнага шлюбу. Адказваючы на пытанні, яны мелі магчымасць нанова адчуць, што пакліканы да любові і стварэння супольнасці жыцця. Затым яны падыходзілі цэлымі сем’ямі да біскупаў, якія святарскай стулай звязвалі ім рукі, як у дзень заключэння сужэнства, і ўдзялялі кожнай сям’і пастырскае благаслаўленне. Гэта можна назваць найпрыгажэйшай хвілінай усёй сустрэчы: слёзы радасці і надзеі былі заўважныя ў вачах сужэнцаў, якія прыгадвалі дзень свайго шлюбу і сакрамэнтальнае «так», што пацвярджала жаданне быць да канца жыцця з гэтым чалавекам у любові, вернасці і сужэнскай павазе.

Сустрэча завяршылася актам аддання сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай. Варта адзначыць і тое, што сустрэчы спрыяла ў гэты дзень надвор’е. Сем’і вярнуліся дадому з мноствам пазітыўных уражанняў, умацаваныя пастырскім благаслаўленнем, з адноўленымі сужэнскімі абяцаннямі, каб быць святлом і прыкладам для іншых людзей, далей сведчыць аб Хрысце, быць адкрытымі на новае жыццё, выхоўваць новае пакаленне ў веры, а найперш каб любіць адно аднаго.

Кс. Юрый Марціновіч
Фота Вікторыі Бурч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.