Біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам парафіі ў Зарачанцы |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
19.10.2015 12:02 |
18 кастрычніка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (Баля Касцёльная). Кандыдаты да канфірмацыі рыхтаваліся да гэтага дня праз удзел у катэхезе, сакрамэнтальным жыцці Касцёла і індывідуальную малітву.
Біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў маладых людзей, узбагачаных у гэты дзень дарамі Духа Святога, быць адважнымі сведкамі веры ў сваім асяроддзі. “Ад чалавека, які прымае сакрамэнт хрысціянскай сталасці, патрабуецца адвага”, - адзначыў іерарх, дадаўшы, што гэтая адвага павінна спадарожнічаць ім ва ўсіх жыццёвых абставінах.
Маладыя людзі, якія прынялі сакрамэнт канфірмацыі, паабяцалі быць у сучасным свеце, які імкнецца толькі за сенсацыямі і модай, сапраўднымі сведкамі, а праз сваё служэнне Богу і людзям даваць прыгожы прыклад хрысціянскага жыцця.
Пробашч парафіі кс. Віктар Мыслюк заахвоціў сваіх парафіян у гэты дзень, прызначаны рашэннем біскупа Гродзенскага Дыяцэзіяльным днём малітвы за сям’ю, каб кожная сям’я знаходзіла час на супольную малітву і перадавала наступным пакаленням галоўныя праўды веры і хрысціянскія традыцыі.
Урачыстасць завяршылася малітвай за сем’і Беларусі, каб яны захоўвалі вернасць тым каштоўнасцям, якія ўтвараюць фундамент інстытуту сям’і.
Кс. Юрый Марціновіч
|
Фотарэпартаж |