Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Жыхары Гродна ўшанавалі абраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.10.2015 01:38

18 кастрычніка жыхары горада Гродна і ваколіц ушанавалі абраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай, які знаходзіцца ў бакавым алтары гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай.

Да Маці Божай асабліва пілігрымавалі ў гэты дзень сужэнцы разам са сваімі дзецьмі. Таксама прысутнічала моладзь і члены кола адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. Усе шанавальнікі Маці Божай Тройчы Цудоўнай аднавілі сваё прысвячэнне Панне Марыі, у чарговы раз ахвяруючы ў гэтым сімвалічным акце свае “зрок, слых, сэрца і ўсяго сябе без усялякага страху” і просячы, каб Марыя сцерагла сямейнае вогнішча як “сваю ўласнасць і сваё дабро”.

Святую Імшу ўзначаліў а. Антоні Пажэцкі OFMConv, пробашч парафіі Маці Божай Анёльскай, які падзякаваў вернікам за прывязанасць да Панны Марыі і пашырэнне Яе культу ў сваіх дамах і сем’ях. Ксёндз Юрый Марціновіч у гаміліі, разважаючы над чытаннем Евангелля, казаў аб служэнні, дасканалы ўзор якога пакінуў сам Хрыстус. Святар адзначыў, што праз служэнне на розных этапах свайго жыцця чалавек павінен заслужыць таго, каб “заняць прывілеяванае месца ў хвале Езуса Хрыста”.


“Езус даў сваім вучням прыклад служэння і сёння заахвочвае да гэтага служэння нас усіх, – звярнуў увагу кс. Юрый Марціновіч. – У сённяшнім свеце пастава слугі непапулярная, нямодная, але толькі такая пастава адпавядае вучню Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі”. Святар дадаў, што “кожны новы дзень трэба хацець служыць Богу і людзям, як вучыць нас сам Хрыстус”.

Святар пажадаў, каб гэтая ўрачыстасць аднаўлення саюзу з Марыяй і ахвяраванне Ёй свайго жыцця была для ўсіх добрай нагодай нанова зрабіць сабе пастанову ва ўсім старацца служыць Богу і бліжняму.

На заканчэнне Імшы былі асвечаны каплічкі Маці Божай Тройчы Цудоўнай, якія будуць наведваць сем’і Гродна і ваколіц. Падчас наведвання дамоў Маці Божай гэта будзе нагодай для супольнай малітвы ўсёй сям’і і пакладзе пачатак штодзённай супольнай малітвы ў сем’ях.

Абраз Маці Божай Тройчы Цудоўнай, які знаходзіцца ў гродзенскім касцёле, быў каранаваны папскімі каронамі 2 студзеня 2005 г. Акт каранацыі здзейсніў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Кароны благаславіў 9 верасня 2004 г. Папа Ян Павел ІІ. Перад каранаваным абразом Маці Божай прыходзяць маліцца шмат вернікаў з горада і ваколіц.


(JM)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.