Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча для дзяўчат адбылася ў Смаргоні
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.10.2015 17:35

18 кастрычніка ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) адбылася першая сустрэча для дзяўчат (8-11 класы), якую арганізавала супольнасць сясцёр салезіянак.

У гэтым годзе сёстры салезіянкі запланавалі, што кожная трэцяя нядзеля месяца будзе асаблівым часам сустрэчы з дзвюма вялікімі асобамі: Маці Божай і св. Марыяй Дамінікай Мадзарэллё.  

Мэтай сустрэчы было найперш тое, каб дапамагчы маладой дзяўчыне ў мітусні сённяшняга свету не баяцца выбіраць Божыя вартасці, не баяцца вучыцца ад Божых людзей. Арганізатары імкнуліся паказаць, што найлепшым прыкладам для наследавання з’яўляецца Дева Марыя. Жыццёвая вандроўка выпрабаванняў Марыі пачалася з моманту Звеставання. Марыя ідзе перад намі ў пілігрымцы веры, вучыць пакорна прымаць “неспасцігальныя прысуды” і “нязведаныя шляхі” Бога. Жыццё Марыі — гэта няспыннае даручэнне сябе Богу. Прамаўляючы сваё “fiat”, Марыя паверыла ў немагчымае, а пазней з непахіснаю вераю чакала здзяйснення гэтага. У адданасці Марыі выразна відаць паставу дзіцяці, і такі дзіцячы давер у адносінах да Бога мы бачым ва ўсім Яе жыцці, асабліва ў тых падзеях, якія сталі для Яе самымі цяжкімі выпрабаваннямі веры. Гэтыя думкі арганізатары імкнуліся данесці да ўдзельніц сустрэчы.

Падчас сустрэчы была магчымасць засяродзіць увагу не толькі на біблійнай сцене Звеставання, але і на дзяцінстве св. Марыі Дамінікі Мадзарэллё, якую ў дзяцінстве называлі Маін. Гэтая дзяўчынка вучыць любіць Бога, жадаючы ўсё больш пазнаваць Яго таямніцу; яшчэ ў дзяцінстве яна пыталася ў свайго бацькі: “А што рабіў Бог, пакуль нас не стварыў?”, і ўжо тады марыла пра неба: “На неба жадаю ісці”. На гэта звярталася ўвага на сустрэчы.

Ва ўдзельніц быў час не толькі на разважанні, але і на музычны сюрпрыз, гульні з памятнымі падарункамі і салодкі пачастунак.

Прысутныя разам падзякавалі словамі ружанцовай малітвы за жыццё кожнай дзяўчыны, просячы аб дапамозе, каб і далей глядзець на гэтых дзвюх вялікіх святых і вучыцца ў іх давяраць усё Богу.

Паводле www.sdb.by

(AG)

 

 

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.