18 кастрычніка ў парафіi Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса i св. Язафата ў Заневічах (Гродзенская дыяцэзія) адбылася ўрачыстасць, падчас якой шматлікія прысутныя вернікі маліліся праз заступніцтва благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай і аб хуткай беатыфікацыі яе дачкі Слугі Божай Ядвігі.
Цэліна і Ядвіга Бажэнцкія, маці і дачка, сталі заснавальніцамі новай супольнасці Сясцёр Змёртвыхпаўстанак. Кангрэгацыя Сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста была заснавана ў Рыме ў 1891 годзе
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які заахвоціў вернікаў да ўдзячнасці Богу за тое, што дае відавочныя ўзоры для наследвання, якімі з’яўляюцца святыя і благаслаўлёныя нашай зямлі. Па словах іерарха, беларуская зямля дала шмат святых і мучанікаў, якія сёння сваім прыкладам прамаўляюць да чалавека.
Весці дыялог з Богам...
Кажучы пра адносіны чалавека з Богам, біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў, што трэба пастаянна весці дыялог з Богам, як вялі яго святыя. «Трэба весці дыялог з Хрыстом Панам непасрэдна. Хрыстус Эўхарыстычны выслухоўвае нашы просьбы і прамаўляе да нас у малітоўнай цішыні», – дадаў іерарх.
На ўрачыстасць прыбылі ў пілігрымцы і сучасныя сёстры змёртвыхпаўстанкі, духоўныя дочкі благаслаўлёнай Цэліны i Слугі Божай Ядвігі, каб падзякаваць Богу за дар паклікання да служэння ў Хрыстовым Касцёле, а таксама каб пабачыць і дакрануцца да той зямлі, якая дала свету вялікіх заснавальніц супольнасці.
Для кожнай манахіні, якая працягвае справу, якой паклалі пачатак маці і дачка Бажэнцкія, у супольнасці змёртвыхпаўстанак, гэта вялікая ласка, а таксама ўзрушаючыя хвіліны – быць на зямлі, дзе Цэліна і Ядвіга выспявалі да гэтага адважнага рашэння заснаваць законную супольнасць.
...і ажывіць рэлігійнае жыццё
Таму ў гаміліі біскуп Юзаф Станеўскі, звяртаючыся да сясцёр змёртвыхпаўстанак, сказаў: «Тут крыніца вашай супольнасці, тут ваш пачатак». Іерарх пажадаў, каб дзякуючы малітве многіх людзей праз заступніцтва бл. Цэліны ажыўлялася рэлігійнае жыццё на нашых землях, а таксама каб шмат маладых дзяўчат мела ў сабе прагненне цалкам і без рэшты прысвяціць сябе Богу і Яго Касцёлу.
Таксама падчас урачыстасці былі асвечаны выявы, на якіх прадстаўлены маці і дачка Бажэнцкія, і адкрыты памятныя табліцы.
Пасля Імшы сёстры змёртвыхпаўстанкі скіраваліся ў Абрэмбшчынy каля Заневіч, на месцa былога маёнтка, дзе ў 1853 г. Цэліна выйшла замуж за Юзафа Бажэнцкага і пераехала туды. Менавіта там у Бажэнцкіх нарадзілася чацвёра дзяцей, двое з якіх памерлі ў дзяцінстве. Там Бажэнцкія былі вядомыя сваёй дабрачыннай дзейнасцю. Цэліна неаднойчы аказвала матэрыяльную дапамогу бедным сем’ям, яе дочкі вучылі дзяцей катэхізісу, пісаць і чытаць.
Сёння ў гэтым месцы стаіць пабудаваная ў гонар бл. Цэліны невялікая капліца, у будоўлю якой укладзены сімвалічны камень з былога маёнтка Бажэнцкіх.
Хочацца пажадаць, каб верны люд нашай краіны імкнуўся пазнаваць жыццяпіс святых і благаслаўлёных нашых земляў, каб благаслаўлёная Цэлінa Бажэнцкая выпрошвала ў Бога для ўсіх жыхароў нашай зямлі, асабліва для жонак і маці, патрэбныя дары і ласкі і была ўзорам і заступніцай для ўсіх, хто цярпліва і ахвярна выконвае абавязкі маці і жонкі.
Кс. Юрый Марціновіч
|