Адбылася святая Імша ў інтэнцыі медыкаў Гродзеншчыны |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
20.10.2015 15:50 |
18 кастрычніка ў катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася святая Імша ў інтэнцыі медыкаў Гродзеншчыны. Ужо стала традыцыяй, што ў дзень літургічнага ўспаміну св. Лукі, апекуна ўсіх медыкаў, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксанд Кашкевіч сустракаецца з працаўнікамі медыцынскіх устаноў Гродна.
Падчас Эўхарыстыі пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў важную ролю прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў абвяшчэнні Евангелля там, куды святар альбо іншы вернік дайсці не можа. Акрамя таго, як было зазначана ў гаміліі, менавіта медыкі-хрысціяне з’яўляюцца тымі першымі “евангельскімі самаранамі”, якія выходзяць на дапамогу кожнаму, хто мае ў ёй патрэбу і церпіць.
Пасля святой Імшы адбылася сустрэча біскупа Аляксандра Кашкевіча з прадстаўнікамі гродзенскага душпастырства службы аховы здароўя імя свв. Космы і Дам’яна. Іерарх падзякаваў усім супрацоўнікам службы аховы здароўя за ахвярнае служэнне, якое яны нясуць сярод хворых у розных шпіталях і месцах пражывання людзей пажылых і самотных.
Біскуп пажадаў, каб гэтае штодзённае служэнне яны выконвалі заўсёды з вялікай радасцю і каб яно прыносіла добрыя плёны.
(JM)
|
Фотарэпартаж |