Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч пачаў візітацыю Астравецкага дэканату
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
20.10.2015 17:31

19 кастрычніка пачалася кананічная візітацыя Астравецкага дэканату Гродзенскай дыяцэзіі. У яе межах біскуп Гродзенскі наведае ўсе касцёлы, капліцы, месцы малітвы, сустрэнецца з вернікамі і рознымі супольнасцямі, якія дзейнічаюць пры парафіях.

Візітацыя з’яўляецца адной з найбольш важных падзей для кожнай парафіяльнай супольнасці, прадугледжанай у праве Касцёла (Кодэксе Кананічнага Права).

Візітацыя біскупа ў дыяцэзіі з’яўляецца апостальскай дзейнасцю і паказвае, што біскуп з’яўляецца фундаментам і знакам еднасці дыяцэзіяльнага Касцёла. Гэта таксама нагода паглыбіць кантакты з душпастырамі, вернікамі і рознымі малітоўнымі і апостальскімі супольнасцямі, якія існуюць у парафіях.


Папа Ян Павел ІІ у паслясінадальнай Апостальскай адгартацыі „Pastores gregis” адзначае вялікую важнасць пастырскай візітацыі, называючы яе “сапраўдным часам ласкі і асаблівым, нават адзіным у сваім родзе момантам сустрэчы і дыялогу біскупа з вернікамі”. Пастырская візітацыя – гэта быццам бы душа біскупскага служэння і пашырэнне духоўнай прысутнасці біскупа паміж вернікамі.

Ян Павел ІІ піша, што біскуп падчас пастырскага візіту ў парафіі, “пакінуўшы задачы адміністратыўнага характару іншым дэлегатам, павінен асаблівым чынам паклапаціцца аб асабістых сустрэчах, пачынаючы ад пробашча і іншых святароў”, і дадае, што “менавіта ў такія хвіліны ён найбольш набліжаецца да свайго народу ў рэалізацыі служэння слова, асвячэння і пастырскага суправаджэння, уваходзячы ў найбольш непасрэдны кантакт з непакоем і клопатамі, радасцямі і чаканнямі людзей, маючы магчымасць ахвяраваць кожнаму слова надзеі”.

Візітацыя парафіі біскупам павінна быць асаблівай нагодай для ўсталявання непасрэднага кантакту найперш з самымі беднымі, пажылымі і хворымі людзьмі. “Пастырскі візіт, які праводзіцца такім чынам, аб’яўляецца ў сваёй сапраўднай сутнасці, як знак прысунасці Пана, які адведвае свой народ, прыносячы яму супакой” (Pastores gregis, 46).

Апрача пастырскага вымярэння кожнай візітацыі, не менш важным з’яўляецца вымярэнне кананічнае. Кананічная візітацыя паглыбляе ўсе сферы жыцця рэлігійнага, маральнага, апостальскага і адміністратыўна-гаспадарчага (стан і патрэбы парафіяльнага касцёла, капліц, катэхетычных залаў, спісы інвентару касцёла, гаспадарчых будынкаў, парафіяльнай канцылярыі). Падчас візітацыі біскуп знаёміцца з характарыстыкамі парафіі, яе рэлігійным жыццём, цікавіцца ходам катэхізацыі ў ёй, іншымі формамі душпастырства ў дадзенай парафіі – групамі, рухамі, супольнасцямі і іншымі згуртаваннямі людзей на тэрыторыі парафіі.

Таксама біскуп хоча пазнаёміцца з цяжкасцямі жыцця дадзенай парафіі, душпастырскай працы, жыцця вернікаў. Менавіта на аснове поўных ведаў можна накрэсліць планы на будучыню па паляпшэнні жыцця парафіі ва ўсіх сферах, што будзе служыць і актывізацыі жыцця вернікаў у парафіі.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч пачаў візітацыю з дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі. Там сабраліся ўсе святары, якія служаць у Астравецкім дэканаце. Дэкан кс. Юзаф Багдзевіч прадставіў кароткае апісанне дэканату, распавёў іерарху аб Астравеччыне, дзе, між іншым, вельмі добра дагледжаныя святыні і капліцы, якія прыцягваюць сваім хараством і багатай гісторыяй.

Важна тое, каб час візітацыі быў добра выкарыстаны ў жыцці парафіі вернікамі і душпастырамі. Аб гэтым важна памятаць, паколькі кананічная візітацыя мае на мэце не толькі пракантраляваць правільнасць функцыянавання парафіяльнай канцылярыі, але і дапамагчы натхніць як душпастыраў, так і свецкіх вернікаў на роздум адносна будучыні, заахвоціць глядзець у будучыню ў душпастырскім аспекце.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.