У шпітальнай капліцы ў Лідзе маліліся за супрацоўнікаў службы аховы здароўя |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
22.10.2015 12:02 |
На пачатку Імшы была запалена свечка Маці Божай з Люрда як сімвал Божага святла. У гаміліі кс. Андрэй Лішко засяродзіў увагу на тым, што ўрач, медыцынская сястра ці брат, санітар - гэта перш за ўсё чалавек, які мае свае радасці і расчараванні, свае перажыванні, праблемы і турботы, які сам можа быць часам пацыентам, г.зн. захварэць, стаміцца. Але ў большасці, па словах святара, самі пацыенты, на жаль, аб гэтым забываюць і ставяць да ўрачоў часам занадта высокія патрабаванні.
Ксёндз Андрэй Лішко падкрэсліў важнасць распазнання, ці, дакладней, разумення свайго паклікання працаваць у сферы аховы здароўя, быць урачом, сястрой, санітаркай. Святар нагадаў словы Езуса: «Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў», дадаўшы, што гэта таксама важная місія служэння - служэння хвораму чалавеку, служэння самому Хрысту, і гэта важна зразумець у сваёй працы.
На заканчэнне Імшы капелан кс. Юрый Бяганскі падзякаваў за супольную малітву, прысутнасць, а таксама падзякаваў дырэктару шпіталя Генрыху Эйсманту за магчымасць быць Богу на гэтай шпітальнай зямлі. Звяртаючыся да прысутных медыцынскіх работнікаў, святар сказаў: «Кожны медык мае свае могілкі, як і святар», і пажадаў, каб кожны медык «меў як мага менш гэтых могілак», каб «Бог даў мудрасці, цярплівасці і цеплыні да хворага чалавека». (AG) |
Фотарэпартаж |