22 кастрычніка, у літургічны ўспамін св. Яна Паўла ІІ, Папы, у парафію Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (Гродзенская дыяцэзія) былі ўнесены рэліквіі святога, якія будуць пастаянна захоўвацца ў гэтым касцёле.
З гэтага часу вернікі парафіяльнай супольнасці змогуць часта звяртацца да Бога праз заступніцтва Вялікага Папы.
Прыбыццё рэліквій у парафію стала магчымым дзякуючы старанням пробашча кс. Паўла Беланоса. 
Урачыстае ўнясенне рэліквій здзейсніў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў прысутнасці шматлікіх вернікаў макараўскай парафіі і гасцей з іншых месцаў.
Пасля ўнясення рэліквій быў агучаны сертыфікат іх сапраўднасці, падрыхтаваны Мітрапалітам Кракаўскім кардыналам Станіславам Дзівішам, які быў шматгадовым сакратаром св. Яна Паўла ІІ у Ватыкане.
Святую Імшу ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі, які нагадаў у гаміліі жыццёвы шлях св. Яна Паўла ІІ як нязломнага сведкі Божай любові, Пастыра, які клапаціўся аб лёсе Касцёла і свету, схіляўся над чалавечай нядоляй, ужо на пачатку свайго пантыфікату заклікаў адчыніць дзверы Хрысту. 
Гэты заклік Святога Айца адчыніць дзверы ўсіх дзяржаў і народаў для Хрыста не страціў сваёй актуальнасці па сённяшні дзень, адзначыў біскуп Юзаф Станеўскі.
Пасля благаслаўлення настала хвіліна малітвы перад рэліквіямі і магчымасць ушанаваць у іх св. Яна Паўла ІІ. Як сказаў пробашч парафіі кс. Павел Беланос, гэтыя рэліквіі “будуць знакам веры, надзеі і Божай любові”.
Таксама, між іншым, у Макараўцах адна з вуліц носіць імя Яна Паўла ІІ.
Кс. Юрый Марціновіч
|