Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча членаў ружанцовага малітоўнага руху Гродзенскай дыяцэзіі прайшла ў Капцёўцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.10.2015 11:43

24 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы адбылася сустрэча членаў Колаў Жывога Ружанца Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел святары, законныя сёстры, адказныя і ўдзельнікі гэтага ружанцовага малітоўнага руху з розных месцаў дыяцэзіі.

Сустрэча была арганізавана кс. Міхалам Ластоўскім, дыяцэзіяльным мадэратарам супольнасці Жывога Ружанца і кусташам санктуарыя ў Капцёўцы. Таксама Капцёўка была абрана месцам правядзення сустрэчы з той прычыны, што ў апошні час да Маці Божай Яснагорскай прыходзіць шмат пілігрымаў, якія жадаюць даверыць сваё жыццё ў мацярынскую апеку Панне Марыі.

У гэты дзень асаблівае месца было ўдзелена ружанцовай малітве, якая прамаўлялася перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Удзельнікі сустрэчы маліліся ў інтэнцыі сем’яў дыяцэзіі, просячы, каб кожная сям’я была хатнім Касцёлам і выхоўвала ў веры наступныя пакаленні.

Быць вернымі да канца


З канферэнцыяй у межах сустрэчы выступіў а. Антоні Пажэцкі OFMConv, пробашч гродзенскай парафіі Маці Божай Анёльскай, які распавёў прысутным аб асобе св. Максімільяна Марыі Кольбэ, апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, што вялікую ўвагу надаваў пашырэнню ружанцовай малітвы. Айцец Антоні Пажэцкі звярнуў увагу на тое, што святы ў апошнія дні свайго жыцця даў сапраўднае сведчанне любові да Бога і Найсвяцейшай Панны Марыі. «Нам сёння таксама трэба вучыцца быць вернымі Пану Богу ва ўсім да канца», — сказаў святар.

«Святы Максімільян сёння з’яўляецца для нас прыкладам таго, што варта жыць, варта прысвячаць сябе, варта цярпець і зносіць усе перашкоды для Хрыста», — адзначыў а. Антоні Пажэцкі.

«Патэлефанаваць Марыі»

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў кс. Міхал Ластоўскі. Святар заклікаў вернікаў палюбіць ружанцовую малітву, якая «набліжае нашага Пана Езуса Хрыста».

«Ружанец — гэта тэлефон. Чалавек, які перажывае радасць або смутак, хапаецца за тэлефон і тэлефануе сваім блізкім, каб гэтым хутчэй падзяліцца. Таксама і мы, калі молімся на пацерках ружанца, як быццам бы тэлефануем Марыі, якая нас дасканала разумее і кожную хвіліну гатова нас выслухаць», — патлумачыў святар.


Ксёндз Міхал Ластоўскі заахвоціў усіх, хто ўдзельнічае ў Колах Жывога Ружанца ў сваіх парафіях, часта браць у рукі ружанец, таму што ён «вучыць больш любіць і шанаваць Марыю». Ад імя Касцёла мадэратар дыяцэзіяльнай супольнасці Жывога Ружанца заклікаў удзельнікаў сустрэчы «не стамляцца ў гэтай малітве Касцёла».

На заканчэнне сустрэчы прадстаўнікі Колаў Жывога Ружанца атрымалі ружанцовыя інтэнцыі на ўзроўні Гродзенскай дыяцэзіі на ўвесь год. Кожны месяц усе ўдзельнікі ружанцовых колаў будуць маліцца ў адной дадзенай інтэнцыі, верачы, што разам выпрасяць у Бога праз рукі Найсвяцейшай Панны Марыі вельмі шмат.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.