Біскуп Аляксандр Кашкевіч наведаў парафіяльную супольнасць у Астраўцы |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
26.10.2015 12:24 |
Гродзенскі ардынарый цэлебраваў у парафіі святыя Імшы, падчас якіх заахвоціў вернікаў поўнасцю даверыцца Богу і жыць паводле прынцыпаў Евангелля. Таксама іерарх падзякаваў усім парафіянам за трыванне ў веры сваіх бацькоў і заклікаў далей заставацца з Хрыстом і Яго Касцёлам.
Таксама біскуп сустрэўся з парафіяльным камітэтам і касцёльнымі супрацоўнікамі. Шматлікім дзецям іерарх удзяліў пастырскае благаслаўленне. Пасля абеду гродзенскі ардынарый наведаў законны дом Кангрэгацыі Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі (эўхарыстак) і сустрэўся з бацькамі святароў і сясцёр законных, якія паходзяць з гэтай парафіяльнай супольнасці. Бацькам іерарх падзякаваў за стварэнне ў іх дамах атмасферы, якая спрыяла таму, каб іх дзеці пайшлі за голасам Хрыста і сёння абвяшчаюць Евангелле ў розных частках нашай краіны і за мяжой. Іерарх заахвоціў бацькоў падтрымліваць малітвай сваіх дзяцей і тыя справы, якія яны прыгожа здзяйсняюць у душпастырстве. |
Фотарэпартаж |