Навучэнцы семінарыі ў Гродне наведалі «Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні» |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
|
29.10.2015 12:24 |
Навучэнцы 6 курса Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведалі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, дзе праходзілі «Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні», якія з’яўляюцца традыцыйнымі ў гэтай навучальнай установе.
Сёлета чытанні адбыліся ў 11-ы раз і былі прысвечаны найперш Янку Купалу – беларускаму песняру, паэту, драматургу, палымянаму публіцысту, які пакінуў багатую і бясцэнную спадчыну, на якой праз стагоддзі выхоўваюцца людзі.
Незабыўнае ўражанне пакінула ў семінарыстаў літаратурна-музычная кампазіцыя, падрыхтаваная студэнтамі і выкладчыкамі філалагічнага факультэта, у якой прагучалі песні на словы Я. Купалы («Малітва», «Явар і каліна»).
Сёлетнія Купалаўскія чытанні былі прысвечаны таксама памяці філолага-лінгвіста І.Я. Лепешава, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё беларускага мовазнаўства. Адбылася прэзентацыя фільма «Не магу не пісаць…» аб жыццёвым і творчым лёсе вучонага, прагучалі паведамленні аб яго навуковай дзейнасці.
Семінарысты ўдзячныя Богу за атрыманую магчымасць дакрануцца да культурнай і навуковай спадчыны знакамітых людзей беларускай зямлі, якія пакінулі значны след у гісторыі беларускай літаратуры і мовы.
Паводле www.wsd.grodnensis.by (AG)
Фота www.wsd.grodnensis.by
|