Адбылася сустрэча міністрантаў Бераставіцкага і Ваўкавыскага дэканатаў |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
01.11.2015 17:18 |
На сустрэчы ў Вялікай Бераставіцы па запрашэнні а. Вальдэмара Слоты CSsR, дэкана Бераставіцкага дэканату, сабраліся 35 прадстаўнікоў Літургічнай службы алтара з пяці парафій (у Макараўцах, Свіслачы, Вялікай Бераставіцы, Малой Бераставіцы, Вялікіх Эйсмантах) разам са сваімі душпастырамі.
На сустрэчу ў Ваўкавыску па запрашэнні кс. Алега Дуля, дэкана Ваўкавыскага дэканату, прыбылі міністранты з пяці парафій (Св. Вацлава і Св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску, парафій у Крамяніцы, Росі, Шыдловічах) агульнай колькасцю 26 чалавек.
Удзельнікі сустрэч выслухалі канферэнцыі, падрыхтаваныя кс. Антоніем Абухоўскім, адказным за працу з міністрантамі ў Гродзенскай дыяцэзіі, прынялі ўдзел у інтэграцыйных гульнях, супольна маліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Пасля абеду адбыліся спаборніцтвы па дартсе. Сустрэчы скончыліся супольным пачастункам.
Кожны ўдзельнік атрымаў невялікі падарунак. Міністранты раз’язджаліся ў добрым настроі, з надзеяй, што праз некалькі месяцаў зноў сустрэнуцца на падобным мерапрыемстве.
Вераніка Жаброўская, (AG) |