Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Канікулы з Богам» прайшлі ў смаргонскім араторыі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.11.2015 10:02

З 26 па 30 кастрычніка ў смаргонскім араторыі імя св. Яна Боско прайшлі «канікулы з Богам» на тэму «Па старонках Бібліі».

На працягу пяці дзён с. Валянціна FMA, кс. Павел Шчарбіцкі SDB, семінарысты Юрый Пашкавец SDB, аніматары і памочнікі дапамагалі дзецям бліжэй пазнаёміцца са Старым Запаветам. У гэтым дапамагаў мультфільм, у якім дзецям распавядаліся гісторыі пра Ноя і яго паслухмянасць, Абрагама і давер да Бога, Майсея, які прынёс запаведзі людзям, Езуса Навіна, у якога галоўнай каштоўнасцю быў Бог, Ёну, які зразумеў, што Бог усё бачыць.

Дзеці штодзённа ўдзельнічалі ў працы па групах, у ходзе якой глыбей разважалі пра біблейскія сюжэты, суадносячы іх з рэальным жыццём. Таксама яны атрымлівалі хатняе заданне, якое павінны былі рабіць дома з бацькамі.

Кожны дзень пачынаўся святой Імшой, на якой дзеці вучыліся адчуваць рэальную прысутнасць Бога. Праграма канікул уключала таксама гульні, вольны час, гурткі. Ні адзін дзень не праходзіў без традыцыйнага салезіянскага слоўка на канец дня.

Своеасаблівым падарункам стала арганізаванае ў адзін з дзён канікул падарожжа ў Гервяты і Жупраны, якое было цікавым і павучальным.

Напрыканцы апошняга дня лагеру адбылося падсумаванне пройдзеных тэм, у выніку якога дзеці згадзіліся з думкай, што трэба быць больш паслухмяным, давяраць Богу і сваім бацькам, успрымаць запаведзі як парады ад любячага Бога, мець галоўнымі духоўныя каштоўнасці і ведаць, што Бог усё бачыць, а таксама не забывацца, што Бог чакае не толькі ў нядзелю, але і заўсёды.

Канікулы завяршыліся канцэртам для бацькоў і салодкім сталом, які падрыхтавалі ўдзельнікі.

Паводле www.sdb.by

(AG)

 

 

Фота www.sdb.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.