Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На «Міждыяцэзіяльных курсах сямейнага жыцця» ў Гродне адкрыўся новы навучальны год
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.11.2015 11:59

7 лістапада адбылося адкрыццё новага навучальнага года на «Міждыяцэзіяльных курсах сямейнага жыцця» ў Гродне.

Адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дыяцэзіяльны душпастыр сем’яў Гродзенскай дыяцэзіі а. Дзмітрый Лабкоў. У гаміліі святар звярнуў увагу на Святую Сям’ю як прыклад для сем’яў, у якім можна знайсці ўсё, што можа спрыяць іх развіццю.

На заканчэнне Імшы чатыры чалавекі атрымалі дыпломы аб заканчэнні «Школы сямейнага жыцця» як пацвярджэнне таго, што цяпер яны могуць праводзіць курсы для будучых сужэнцаў і сямейныя кансультацыі. За тры гады вучобы яны прайшлі больш за 400 гадзін лекцый і практычных заняткаў, атрымаўшы веды, неабходныя для дапамогі тым, хто рыхтуецца да сужэнства.

Пасля Імшы а. Дзмітрый Лабкоў выступіў з інаўгурацыйным дакладам на тэму «Сям’я, прырода і асоба». Як было адзначана ў дакладзе, «сучасны свет пакутуе ад “крызісу сэнсаў”, якім збольшага абумоўлена яго слепата да глыбіні значэння слоў», і «гэта добра відаць у адносінах да трох тэрмінаў: сям'я, прырода і асоба». Вельмі часта, дадаў святар, «у навуцы падкрэсліваецца толькі адзін бок справы і не звяртаецца ўвага на цэласны падыход».  
 
Па словах дакладчыка, у такой сітуацыі «неабходна аднавіць правы чалавечага інтэлекту, каб ён змог усвядоміць, пра што сапраўды ідзе гаворка і што на самой справе азначаюць гэтыя словы». «Гэтае частковае асляпленне на практыцы мае сумныя наступствы. Сучасны чалавек, не ведаючы, хто ён на самой справе, з цяжкасцю ўсведамляе, што трэба рабіць, як жыць, які шлях заводзіць у тупік, а які, наадварот, дазваляе найбольш поўна карыстацца свабодай», — адзначыў а. Дзмітрый Лабкоў.


Святар звярнуў увагу, што «сям'я нясе ў сабе карысць чалавецтва, карысць крохкую і каштоўную», «у сям'і іншы чалавек — мой брат, мая сястра, мой бацька, мая маці — нягледзячы на нашу з ім розніцу ва ўзросце і розныя абавязкі, з'яўляецца ўнікальнай, незаменнай істотай, якую я павінен паважаць і любіць». «Абараняючы сям'ю сёння, мы абараняем будучыню, у якой чалавек і чалавечае жыццё будуць атачацца павагай», — падкрэсліў дакладчык.

Пасля дакладу адбылася дыскусія на тэмы, закранутыя ў ім. Потым пачаліся заняткі па праграме навучання.

«Міждыяцэзіяльныя курсы сямейнага жыцця» ў Гродне былі заснаваны дэкрэтам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў 2009 г. Непасрэдную адказнасць за іх нясе Рада па справах сям’і пры ККББ. У цэлым курсы скончыла ўжо некалькі дзясяткаў слухачоў, якія зараз супрацоўнічаюць са святарамі, праводзячы сямейныя кансультацыі і рыхтуючы маладых людзей да сужэнства. На 2015/2016 год на курсы залічана 11 слухачоў.


А. Пётр Фраштэнга, сакратар Рады па справах сям’і пры ККББ, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.