Спорт для розуму, спорт для цела: навучэнцы семінарыі ў Гродне па-за лекцыямі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
09.11.2015 12:58 |
7 лістапада ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася
інтэлектуальная гульня «Бітва розумаў», у якой у рознай меры былі
задзейнічаны ўсе семінарысты. У якасці вядучага выступіў Вадзім Каўтанюк, які склаў праграму і падрыхтаваў пытанні. Казімір Байгот сачыў за ходам гульні і падводзіў вынікі. У склад журы ўвайшлі прэфект семінарыі кс. Віталій Сідорка і духоўный айцец кс. Здзіслаў Вэдэр. Каманды складаліся з трох семінарыстаў з кожнага курса. Пытанні датычыліся не толькі рэлігійнага жыцця, але і літаратуры, хіміі, матэматыкі, гісторыі, мастацтва. Каб адказаць на многія пытанні, удзельнікі павінны былі праявіць логіку і кемлівасць. Да фіналу дайшлі навучэнцы другога і пятага курсаў, пераможцамі стала каманда другога курса. Таксама ў жыцці семінарыі важныя і спаборніцтвы, у якіх загартоўваецца цела. Футбол, тэніс, шахматы, лёгкая атлетыка – далёка не поўны пералік таго, чым любяць заняць сябе семінарысты ў вольны час. На працягу апошніх двух тыдняў у семінарыі праходзіў турнір па настольным тэнісе. Кожны жадаючы меў магчымасць прыняць удзел у спаборніцтвах. Выбар супернікаў вызначыўся лёсаваннем. Вынікі турніру наступныя: 1 месца – Андрэй Стукель, 2 месца – Яўген Варонік, 3 месца – Дзяніс Бразінскі. Узнагародай для трох пераможцаў сталі квіткі ў кінатэатр. Крыху пазней яны будуць прадстаўляць сваю семінарыю на турніры ў Чэнстахове (Польшча). Многія навучэнцы любяць правесці вольны час за гульнёй у шахматы, асабліва з супрацоўнікам семінарыі Чаславам Адольфавічам. Семінарыст Дзмітрый Малец на адным з перапынкаў сыграў з дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім, які таксама прадэманстраваў нядрэнную гульню. Аляксандр Гелагаеў паводле wsd.grodnensis.by |