Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дні цішыні адбыліся ў Гудагаі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
10.11.2015 00:38

З 30 кастрычнiка па 1 лістапада ў кляштары сясцёр кармэлітак Дзіцяткі Езуса ў Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія) ужо не першы раз сабраліся дзяўчаты з розных гарадоў і вёсак Беларусі, каб наладзіць свае «духоўныя батарэйкі», прабываючы з Богам на малітве і слухаючы Божае слова.

Некаторыя былі ў гэтым месцы ўпершыню, іншыя – ужо чарговы раз. Але, што самае важнае, кожны мог знайсці тут тое, чаго найбольш патрабуе яго душа, – цішыню і супакой, каб паразмаўляць з Панам.

Духоўнымi кiраўнікамі ўдзельніц сустрэчы былі кс. Дзмітрый Папенюк і с. Віталія Ярмоленка. Разважанні на тэму духоўнага аздараўлення праз Божае слова на шляху да сапраўднай унутранай свабоды і жыцця ў ласцы дзеяння Духа Святога, злучаныя з асабiстым сведчаннем кс. Дзмітрыя, аказалi асаблiвае ўздзеянне на сабраных. У тэматычных канферэнцыях і гаміліях святар звяртаў найбольшую ўвагу на тое, што сёння свету патрэбны проста святыя хрысціяне, каб перажыць усеагульны маральны і эканамічны крызіс, а станавіцца святымі немагчыма без духоўнага, унутранага аздараўлення і аднаўлення сваёй веры ў Духу Святым, які робіць людзей і іх сем’і свабоднымі, шчаслівымі і здольнымі любіць не толькі сяброў, але перадусім непрыяцеляў.

Сумеснае прабыванне было напоўнена рознымі цікавымі момантамі, якія давалі магчымасць лепш пазнаць адзін аднаго, падзяліцца досведам і адпачыць душой у атмасферы малітвы, радасці і любові. Асабліва патрэбным і плённым быў для ўдзельніц час, прысвечаны на святую Iмшу, сакрамэнт пакаяння і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Напрыканцы ўдзельнікі падзякавалі сёстрам кармэліткам за арганізацыю дзён цішыні, за тое, што амаль кожны месяц яны адчыняюць дзверы свайго кляштара для дзяўчат, аддаюць свае сэрцы і працу ў ахвяру, а таксама падзякавалі кс. Дзмітрыю Папенюку за айцоўскую апеку, адкрытае сэрца, адданае служэнне Богу і людзям, а асабліва за шчырую і моцную малітву ў інтэнцыі моладзі.


Яўгенiя Раткевiч, (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.