Святары Гродзенскай дыяцэзіі абмеркавалі дзейнасць Вышэйшай духоўнай семінарыі |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
11.11.2015 11:28 |
У сустрэчы таксама прыняў удзел дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Ініцыятарамі правядзення сустрэчы выступілі рэктарат семінарыі і святары, занепакоеныя паведамленнямі сродкаў масавай камунікацыі аб пераменах, якія нібыта чакаюць каталіцкія семінарыі ў Беларусі, у тым ліку гродзенскую семінарыю, якая для пераважнай колькасці святароў нашай краіны з’яўляецца alma mater. На сустрэчы ўвазе прысутных быў прадстаўлены дакумент Кангрэгацыі па справах духавенства, накіраваны на далейшае ўладкаванне і развіццё справы пакліканняў і падрыхтоўкі да святарскага служэння ў Касцёле ў Беларусі. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць абмеркаваць перспектыўныя прапановы, якія ватыканская кангрэгацыя раіць прымяніць на шляху далейшага развіцця семінарыйнай адукацыі ў нашай краіне. Прысутныя з задавальненнем адзначылі, што сустрэча прайшла ў атмасферы шчырасці і братэрства, што служыць умацаванню адзінства і ўзаемаразумення біскупаў і святароў, якія складаюць святарскую супольнасць Гродзенскай дыяцэзіі. Удзельнікі дыскусіі з удзячнасцю прынялі да ўвагі і разгледзелі глыбокія высновы, зробленыя арцыбіскупам Хорхэ Карласам Патронам Вонгам па выніках яго візіту ў семінарыю ў маі бягучага года, і абмеркавалі канкрэтныя меры, накіраваныя на ўзаемадзеянне біскупаў, святароў і семінарыйнай супольнасці дзеля далейшага існавання і плённай дзейнасці Вышэйшай духоўнай семінарыі, якая з’яўляецца духоўным сэрцам Гродзенскай дыяцэзіі. Курыя Гродзенскай дыяцэзіі і рэктарат Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне |