Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі Маладзечанскага дэканату здзейснілі пілігрымку па Нальшанскім краі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
12.11.2015 11:01

7 лістапада вернікі з Палачанаў, Беразінскага і Маладзечна пад кіраўніцтвам кс. Сяргея Бараўнёва здзейснілі пілігрымку па Нальшанскім краі ў інтэнцыі памерлых вернікаў.

Гэта была ўжо другая пілігрымка, здзейсненая за апошні месяц, на гэты раз па вельмі цікавых у духоўным і гістарычным плане мясцінах Нальшанскага краю – па суседніх да Маладзечна раёнах Гродзеншчыны і Міншчыны.

Маршрут пілігрымкі пралягаў праз Залессе, Смаргонь, Крэва, Баруны, Гальшаны, Багданава, Вішнева, Валожын і завяршаўся ў Беразінскім. У пілігрымцы ўдзельнічалі 64 вернікі. Усім, хто хоць бы крыху ведае гісторыю краю, кожная з гэтых назваў кажа пра многае, а ўдзельнікі пілігрымкі аказаліся людзьмі цікаўнымі і дасведчанымі.

З самага ранку пілігрымы наведалі вёску Залессе Смаргонскага раёна, дзе пазнаёміліся з маёнткам  Міхала Клеафаса Агінскага (дыпламата, дзяржаўнага дзеяча, патрыёта, аўтара сусветна вядомага паланэзу «Ля мінор» («Развітанне з Радзімай») і актыўнага ўдзельніка вызваленчага паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі) у юбілейны год 250-годдзя з дня яго нараджэння. 

З гэтай нагоды было больш матывавана пазнаёміцца з жыццём Міхала Клеафаса Агінскага, у цішыні пастаяць над возерам і пахадзіць па восеньскім парку, прайсціся ўздоўж рэчкі Драй і пабачычь палац і альтанку, млын і камень з надпісам «Ценям Касцюшкі», памаліцца каля цудоўна захаванай радавой капліцы (кожную нядзелю сюды прыязджае святар са Смаргоні і тут праводзіцца святая Імша) і на старых каталіцкіх могілках (апошнія пахаванні на якіх датуюцца сярэдзінай XIX стагоддзя). Зарослыя і занядбаныя могілкі, дзе пахаваны вернікі, магчыма, упершыню наведалі з малітвай больш за паўсотню пілігрымаў.

Наступным прыпынкам стала Смаргонь – касцёл святога Міхала Арханёла і духоўны цэнтр салезіян (араторый). Тут пілігрымы ўдзельнічалі ў ранішняй літургіі гадзінаў за памерлых у касцёле і з цікавасцю паслухалі ксяндза салезіяніна Паўла (свайго земляка з красненскай парафіі) пра душпастырства і дзейнасць у парафіі, пад уражаннем наведалі араторый – месца іх разнастайнай плённай працы з дзецьмі і моладдзю.

Вернікі падзякавалі ксяндзу Паўлу і накіраваліся ў Крэва, молячыся і слухаючы гістарычныя апавяданні пра гістарычныя мясціны, якія наведвалі.

Крэва сустрэла пілігрымаў добрым надвор’ем. Пабываўшы ў зруйнаваным замку, вернікі наведалі касцёл, дзе памаліліся і паслухалі аповед сакрыстыяніна пра парафію, а потым накіраваліся ў цэнтральны пункт пілігрымкі – касцёл святых Пятра і Паўла, санктуарый Маці Божай у Барунах. Сустрэў іх ксёндз салезіянін Люцыян Дамброўскі.


Святую Імшу духоўны кіраўнік пілігрымкі кс. Сяргей Бараўнёў цэлебраваў на алтары цудатворнага абраза Маці Божай Барунскай. Ксёндз Сяргей нагадаў пра кожную прысутнасць Маці Божай у святой Імшы, дзе Яна разам з вернікамі і за іх моліцца да Свайго Сына. З вялікай цікавасцю пілігрымы паслухалі аповеды святара пра гісторыю і дзейнасць парафіі, а таксама пана Казіміра пра базыльянскую школу і настаўніцкую семінарыю, якія дзейнічалі на працягу многіх дзесяцігоддзяў у Барунах, пра традыцыі і выхаванцаў, якія ўзбагацілі гісторыю і культуру краіны – Ігната і Леанарда Ходзькаў, Эдварда і Антонія Адзінцоў, Юльяна Корсака і многіх іншых. Гэты магутны пласт беларускай, у тым ліку каталіцкай, духоўнай культуры, быў знішчаны пасля падзелу Рэчы Паспалітай і паражэння паўстанняў 30-х і 60-х гадоў XIX ст.

Пасля абеду вернікі скіраваліся ў старажытнае мястэчка Гальшаны. Тут добра захаваліся забудовы XVIII-XIX стагоддзяў, дзякуючы якім мястэчка называюць музеем пад адкрытым небам.

Айцец францішканін Багуслаў распавёў пра гісторыю і душпастырства ў парафіі, а потым пілігрымы памаліліся Літанію да ўсіх святых разам з дэканам Іўя кс. Віктарам Субелем, які з’яўляецца душпастырам малітоўных груп за чысцовыя душы ў Гродзенскай дыяцэзіі.

На выездзе з Гальшанаў пілігрымы спыніліся каля таямнічага і славутага Гальшанскага замка, які знаходзіцца ў зруйнаваным стане. Па гэтых руінах можна было сабе ўявіць прыгажосць і велічнасць гэтага комплексу.

Наступным пунктам стала Багданава, радзіма і месца пахавання славутага мастака Фердынанда Рушчыца, таленавітага вучня Шышкіна і Куінджы. З-за прыцемак пілігрымы не змаглі нам наведаць яго магілу на багданаўскіх могілках. На адзінай яго карціне, якая знаходзіцца ў Беларусі, «Ля касцёла» можна пабачыць тагачасны багданаўскі касцёл.

Ксёндз Ігар Лашук, пробашч і дыяцэзіяльны душпастыр малітоўных груп за чысцовыя душы, распавёў пра мінулае і сучаснасць парафіі. Таксама пілігрымы сустрэліся з жанчынай Аленай, якая прысвяціла сябе выхаванню кінутых дзяцей – цяпер у яе знаходзіцца на выхаванні 11 дзяцей, яшчэ  трое ўжо дарослыя і жывуць у іншых месцах, але ўсе яны ўдзячныя Богу за такую маці. Сустрэча з Аленай вельмі ўзрушыла пілігрымаў і выклікала слёзы салідарнасці, а таксама жаданне дапамагчы.

Нарэшце вернікі прыбылі ў Вішнева. Спачатку яны сабраліся на крынічцы, каб памаліцца і набраць вады, а потым ксёндз Юзаф Мельдзюк маліўся і распавёў ім пра касцёл.

Ад’язджаючы, пілігрымы пакланіліся магіле кс. Уладзіслава Чарняўскага, пахаванага ля муроў свайго касцёла. Падзякаваўшы кс. Юзафу, яны накіраваліся ў Валожын.


Каля касцёла св. Юзафа вернікаў чакаў пробашч парафіі кс. Генрых Акалатовіч. Уразілі адрамантаваны вялікі касцёл і непасрэднасць яго пробашча. Задаволеныя гэтай сустрэчай, вернікі скіраваліся дадому, але па дарозе наведалі новапабудаваны касцёл у Беразінскім.

Штосьці адметнае з гэтай пілігрымкі адзначыў для сябе кожны яе ўдзельнік. Не засталіся па-за увагай вандроўнікаў прыгожыя касцёлы, пейзажы Ашмянскага ўзвышша, Крэўскі і Гальшанскі замкі, руіны якіх, памятаюць і хаваюць у сабе цікавыя гістарычныя і легендарныя падзеі, а таксама Залеская сядзіба Агінскіх.

Кожнае наведанае месца пакінула добрае ўражанне шчырасцю, дабразычлівасцю, зацікаўленасцю святароў, іх вялікай працай па адраджэнні парафій, рамонту і аздабленню касцёлаў, дызайнерскі падыход да ўпрыгожвання тэрыторый.

На вясну вернікі плануюць сваю трэцюю пілігрымку па маршруце Хоўхлава – Пяршаі – Івянец – Ракаў (святая Імша) – Дубрава – Гарадок.

Ахвотныя дапамагчы арганізаваць і ўдзельнічаць у пілігрымцы могуць звяртацца па тэлефоне: +375 29 116 26 65.

(MV)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.