Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Урачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай у Бярозаўцы: «Марыя была паклікана наблізіць людзям міласэрнасць»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
16.11.2015 14:41

16 лістапада ўрачыстасць Маці Божай Вастрабрамскай адзначылі ў парафіі ў Бярозаўцы (Гродзенская дыяцэзія). Урачыстасць узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Звяртаючыся да прысутных, біскуп сказаў у гаміліі: «Вашыя твары ў малітоўным настроі ўтвараюць вянок, як быццам з кветак альбо тысячы зорак, якія акружаюць Маці Божую з розных бакоў, аддаючы пашану Той, якая заўсёды з намі». «Вы прыходзіце з радасцю ў гэты дзень ў святыню, і вам добра і ўтульна, бо Езус ёсць тут. Ён прысутны і ў такім велічным касцёле, як вастрабрамскі ў Вільні, але і ў гэтым касцёле», – дадаў пінскі ардынарый.

Па словах іерарха, «Бог не патрабуе манументальных мегапабудоваў» – «Ён хоча нас вучыць справядлівасці і супакою, веры і любові, міласэрнасці», «стаіць на варце жыцця, развіцця і збаўлення кожнага чалавека».

Кажучы аб тым, што Панну Марыю Вастрабрамскую называюць Маці Міласэрнасці, біскуп нагадаў, што св. Ян Павел ІІ у энцыкліцы «Аб Божай Міласэрнасці» прысвяціў раздзел Маці Міласэрнасці. Там гаворыцца, што Марыя «сваёй ахвярай сэрца акупіла свой удзел у з’яўленні Божай Міласэрнасці», «а ахвяра гэтая цесна звязана з ахвярай Яе Сына на крыжы».

«Ніхто іншы, як Маці Укрыжаванага, спазнала таямніцы крыжа, спаткання Божай справядлівасці з любоўю, – адзначыў біскуп Антоні Дзям’янка. – Ніхто так, як Марыя, не ўспрыняў ахвяру на крыжы, адкупленне, якое здзейснілася на Кальварыі праз смерць Яе Сына, разам з ахвярай мацярынскага сэрца, разам з Яе канчатковай згодай».

Іерарх звярнуў увагу, што «Марыя найлепш ведае таямніцы міласэрнасці», і гэты Яе тытул нагадвае «аб адвечных планах Найсвяцейшай Тройцы адносна міласэрнасці да кожнага чалавека».

«Праз схаваную месіянскую місію свайго Сына Марыя была паклікана наблізіць народу міласэрнасць, якую Яе Сын прыйшоў аб’явіць. Гэта дапамога тым, якія церпяць, у адносінах да бедных, пазбаўленых свабоды, да сляпых, пакрыўджаных і грэшнікаў», – патлумачыў пінскі ардынарый.

Біскуп нагадаў гісторыю абраза Маці Божай Вастрабрамскай, які з’явіўся на віленскай браме ў часы, калі Казімір Ягайлавіч ад 1503 да 1523 года акружаў мурамі Вільню. Да Марыі звярталіся ў патрэбе падарожныя, купцы, дзяржаўныя дзеячы, вайскоўцы і іншыя катэгорыі людзей, якія, выходзячы з горада ў падарожжа на ўсход, ставілі свечку і маліліся перад абразом. З 1626 года ў капліцы пачалі служыць айцы кармэліты, якія пашырылі культ Маці Божай. У развіцці рэлігійнага жыцця ў Вялікім княстве Літоўскім абраз меў вельмі вялікае значэнне.

У 1927 г. абраз быў каранаваны папскімі каронамі. На працягу стагоддзяў, не выключаючы часы атэізму, абраз цешыўся жывым культам. Сцены капліцы, як дадаў біскуп Антоні Дзям’янка, упрыгожаны шматлікімі вотамі, што сведчыць аб многіх ласках, якія пілігрымы атрымоўвалі праз заступніцтва Маці Божай Вастрабрамскай.

Іерарх нагадаў, што «Марыя хоча быць прысутнай у жыцці кожнага з нас, хоча ўносіць у нашу штодзённасць пасланне паслухмянасці веры», «хоча навучыць нас прымаць Божую волю, хоча, каб Божае слова вызначала нашы думкі і ўчынкі».

«Наследуючы Марыю, усю нашу жыццёвую надзею звяжам з Богам, – заахвоціў біскуп вернікаў. – Бо нашай канчатковай надзеяй з’яўляецца Езус Хрыстус, адзіны Збаўца чалавека, наша жыццё і ўваскрасенне. Гэты давер і надзею нам трэба занесці свету».

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.