Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч святарам дыяцэзіі: «Няхай пасланне міласэрнасці дасягне сэрцаў вернага люду»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.11.2015 17:07

17 лістапада ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася пастырская сустрэча духавенства Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Падчас сустрэчы святары маліліся за ўсіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі з нагоды дыяцэзіяльнай урачыстасці Маці Божай Міласэрнасці, якая з часу ўтварэння дыяцэзіі ўжо амаль 25 гадоў з’яўляецца яе галоўнай апякункай, атачаючы мацярынскай апекай лакальны Касцёл.

Божы Провід учыніў так, што цудатворны абраз Маці Божай Вастрабрамскай непарыўна звязаны з гісторыяй нашай зямлі, яе культурай і традыцыяй веры, займае важнае месца ў сэрцах яе жыхароў.

Праграма пастырскай сустрэчы ўключала канферэнцыю, адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання. Галоўным пунктам была святая Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч і канцэлебравалі святары дыяцэзіі. Духавенства асабліва малілася аб усіх, хто ўтварае супольнасць Касцёла на Гродзеншчыне, і праз заступніцтва Маці Божай Вастрабрамскай прасілі глыбокай веры для людзей.

У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч казаў аб значэнні тытулу «Маці Міласэрнасці», які носіць апякунка дыяцэзіі. Гэты тытул, па словах іерарха, «скіроўвае наш позірк найперш на Хрыста, які не толькі вучыць пра Бога як міласэрнага Айца, не толькі абвяшчае словам і справай Божую любоў да свайго народу, Божую ласку і прабачэнне, але і сам іх аб’яўляе і ўвасабляе».

«Марыя вядзе нас да Хрыста, а праз Яго — да Бога, Айца Міласэрнасці. Марыя таксама з’яўляецца сведкай Божай міласэрнасці. Яна спазнала гэтую міласэрнасць вельмі канкрэтна і непасрэдна праз тое, што была выбрана Богам для асаблівай, адзінай у сваім родзе задачы – быць Маці Божага Сына», — дадаў гродзенскі ардынарый.

Біскуп нагадаў, што «Найсвяцейшая Маці не толькі ўдзельнічае ў аб’яўленні Божай міласэрнасці, не толькі глыбока ведае яго таямніцы, але таксама ў сваёй мацярынскай любові нястомна просіць Божай міласэрнасці для нас, сваіх дзяцей, і для ўсяго свету».

Усё духавенства Гродзенскай дыяцэзіі іерарх заклікаў даверыць Панне Марыі сваё святарства і штодзённае служэнне ў Хрыстовым Касцёле, бо, як адзначыў, кожны святар з’яўляецца распараджальнікам Божай міласэрнасці.


«Праз абвяшчэнне Божага слова і катэхезу мы набліжаем даверанаму нам народу таямніцы Божай любові, старамся ўзбудзіць у сэрцах нашых вернікаў давер Богу, адкрытасць на дар Яго ласкі і прабачэння», — сказаў біскуп.

Таксама гродзенскі ардынарый нагадаў, што хутка ў Паўсюдным Касцёле па волі Папы Францішка пачнецца Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, і дадаў, што гэта будзе год ласкі для кожнага чалавека. Іерарх выказаў надзею, што годнае перажыванне гэтага часу ў дыяцэзіі прынясе шчодрыя духоўныя плёны, як для святароў, так і для ўсіх вернікаў.

«Няхай радаснае пасланне міласэрнасці і прабачэння, якое мы будзем абвяшчаць, дасягне сэрцаў вернага люду, асабліва тых, якія найбольш маюць у гэтым патрэбу, якія знаходзяцца як бы на “перыферыях”, аб якіх часта кажа Святы Айцец Францішак», — пажадаў біскуп.


Для Гродзенскай дыяцэзіі 2016 год будзе юбілейным, паколькі прыпадае 25-годдзе яе заснавання і прызначэнне яе першага ардынарыя. Галоўныя ўрачыстасці, звязаныя з 25-годдзем дыяцэзіі і біскупскім пасвячэннем яе пастыра, запланаваны на 24-26 мая 2016 г.

Кс. Юрый Марціновіч
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.