Малітва і асвячэнне месцаў, дзе загінулi ў аўтакатастрофах людзі, адбыліся на Гродзеншчыне |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
17.11.2015 11:26 |
Каб прыцягнуць увагу людзей да гэтай праблемы, 15 лістапада Дзяржаўтаінспекцыя Гродна і Гродзенскай вобласці сумесна з каталіцкім і праваслаўным духавенствам правяла акцыю памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў. Святары і супрацоўнікі ДАІ наведалі тыя месцы, дзе ў гэтым годзе загінулі людзі ў аварыях. Святары прачыталі ў гэтых месцах, пазначаных крывёю людзей, малітвы аб вечным супакоі для іх і акрапілі гэтыя месцы асвечанай вадой.
Ксёндз Валерый Спірыдон, вікарый катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя ў Гродне, які прымаў удзел у гэтай акцыі, у размове з Сatholic.by адзначыў, што ўдзельнічае ў такім мерапрыемстве ўжо не першы раз. Кажучы пра важнасці і мэту гэтай ініцыятывы, святар адзначыў: «Перш за ўсё гэта малітва за памерлых, якія загінулі на дарозе, а таксама магчымасць удзяліць благаслаўленне ўдзельнікам руху». Ксёндз Валерый Спірыдон дадаў, што акцыя мае і сацыяльны характар, таму што «яна спрыяе ўсведамленню ўдзельнікамі руху маральнай адказнасці за парушэнне правіл, што таксама супярэчыць Божай запаведзі “не забівай”». «Заклікаю ўсіх нашых вернікаў і людзей добрай волі клапаціцца аб жыцці як Божым дары і клапаціцца аб сваёй бяспецы на дарозе», — сказаў святар.
Гэты дзень, які кожны год ужо традыцыйна праводзіць ДАІ, запрашаючы да ўдзелу каталіцкіх і праваслаўных святароў, — добрая нагода, каб узгадаць у малітве тых, чыё жыццё абарвала аварыя, але і добрая нагода для ўсіх, хто кіруе транспартным сродкам, задумацца аб сваіх паводзінах на дарозе, аб тым, што жыццё ў кожнага чалавека адно, таму яго трэба шанаваць. |
Фотарэпартаж |