Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сустрэча для хлопцаў на тэму паклікання адбылася ў Жупранах
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.11.2015 11:34

14-15 лiстапада ў в. Жупраны (Гродзенская дыяцэзiя) адбылася сустрэча для хлопцаў, якiя адчуваюць пакліканне да святарства або кансэкраванага жыцця. У сустрэчы ўдзельнічалі маладыя людзі з Мiнска, Смаргонi, Бараўлян i Жупранаў – усяго каля 20 чалавек. Арганізавалі мерапрыемства ксяндзы салезіяне.

Каб запрасіць Бога ў разважанні над сваім жыццёвым шляхам і даверыць Яму гэты выбар, удзельнікі пачалі праграму сустрэчы малітвай

Добрым спосабам пазнаёміцца бліжэй і паназіраць за паводзінамі чалавека з’яўляецца гульня. Таму арганізатары выкарысталі гэты метад, каб даць магчымасць хлопцам стаць больш адкрытымі.

Пасля ўводзінаў кс. Павел Шчарбіцкі SDB прамовіў для сабраных канферэнцыю аб святарскім пакліканні. Канферэнцыя пад назвай «Слабасць + пакора = сіла!» дапамагала хлопцам зразумець, што слабасць чалавека не перашкаджае пакліканню, але становіцца вялікай сілай, калі яе ў пакоры даверыць Богу, і што ў супрацоўніцтве з Творцам слабы можа ўзрастаць і чыніць вялікія справы.

Ксёндз Павел Шчарбіцкі падкрэсліў,  што святары ўзяты з народа i служаць для народа, што яны з усiмi сваiмi слабасцямi могуць стаць алоўкамi, якiя Бог трымае ў руках i пiша імі сваю гiсторыю. З адным з такім «Божых алоўкаў» маладыя людзі пазнаёміліся падчас прагляду камедыйнага мастацкага фільма «Дон Камiлло».

Потым у ходзе дыскусіі яны прыйшлі да высновы, што найважнейшая рыса добрага пастыра – любоў да Бога, з якой нараджаецца і пакора, і ахвярнасць, і жаданне служыць.

Дзень скончыўся адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. У прысутнасці Пана юнакі мелі магчымасць абмеркаваць свой жыццёвы шлях сам-насам з Ім.

Другі дзень быў прысвечаны разважанням аб пакліканні да святарскага служэння ў харызме кс. Боско.

Пасля літургіі гадзінаў і сняданку хлопцы паслухалі канферэнцыю кс. Івана Огара SDB «Адметнасць салезіянскага паклікання». На прыкладзе асобы св. Яна Боско і супольнасці, якую ён заснаваў, кс. Іван Огар распавёў пра шлях да святасці ў салезіянскай харызме. Хлопцы даведаліся аб яе характарыстыках і адрозненнях ад іншых.

Скончылася сустрэча святой Імшой і падвядзеннем вынікаў. Арганізатары адзначылі, што бачаць вялікую карысць і пазітыўны плён такіх акцый. Асаблівым чынам святары падкрэслілі клімат даверу і дзялення.

Па назіраннях салезіян, маладыя людзі пачынаюць адкрывацца і размаўляць, дзяліцца адзін з адным і са святарамі сваімі перажываннямі, задаваць пытанні. Так ідзе працэс узаемаўзбагачэння і ўзаемападтрымкі, сеецца зерне, плён з якога вядомы Богу.

Сустрэчы для разважання над пакліканнем да святарскага або кансэкраванага жыцця для хлопцаў салезіяне арганізуюць чатыры разы на год. Такім чынам арганізатары могуць на працягу года суправаджаць і падтрымліваць маладых людзей, якія адчуваюць пакліканне.

Тры двухдзённыя акцыі праходзяць на працягу навучальнага года, чацвёртая – вакацыйная – летам. Летняя сустрэча працягваецца каля двух тыдняў, на ёй падводзяцца вынікі года і плануецца будучы год.

Мэтай сустрэч з’яўляецца дапамога ў вызначэнні крытэрыяў паклікання, ачышчэнне інтэнцыі, адказ на пытанні маладых людзей, дапамога ў падрыхтоўцы да выбранага шляху.

Наступная такая сустрэча пройдзе 20-21 лютага 2016 года ў г. Смаргонь. На яе запрошаны хлопцы, якія задумваюцца над пакліканнем да святарства або кансэкраванага жыцця, асабліва салезіянскага. Узрост удзельнікаў ад 15 гадоў.

Па ўсіх пытаннях можна звяртацца да адказнага за Прэнавіцыят «Таварыства св. Францішка Сальскага» ў Беларусі кс. Івана Огара SDB па тэл.: +375 (29) 691 02 22

Паводле sdb.by (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.