Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У гервяцкім касцёле з’явіліся скульптуры разбойнікаў, укрыжаваных з Хрыстом
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
18.11.2015 10:06

Для касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах (Гродзенская дыяцэзія) існуе шмат азначэнняў з прыстаўкай “самы”, “адзіны”, “адзін з нямногіх”. Днямі да яго дадалося яшчэ адно: гервяцкі касцёл – адзіны ў Беларусі і адзін з нямногіх у свеце, дзе ўстаноўлены скульптуры разбойнікаў, якія былі распяты разам з Езусам Хрыстом на Галгоце.

Іх драўляныя фігуры выразаў вядомы ў Беларусі і ў свеце гродзенскі рэзчык па дрэве Валянцін Багдзевіч. Такім чынам напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых біблейскія разбойнікі Дзісмас і Гестас, адзін з якіх прызнаны святым, увайшлі ў касцёл і занялі месцы па абодва бакі ад цэнтральнага алтара.

…Валянцін Багдзевіч разам з рабочымі ўстанаўлівае скульптуры. Пробашч гервяцкай парафіі кс. Леанід Нясцюк, як і я, і некалькі сузіральнікаў, бачыць гэтыя работы ўпершыню. Ён пільна, цікаўна і, як мне здаецца, крыху здзіўлена глядзіць на драўляныя фігуры – нібы спрабуе ўбачыць у іх тых людзей, якія амаль два тысячагоддзі таму жылі, як сотні іх суайчыннікаў: нечаму радаваліся, нечым засмучаліся, здабывалі свой хлеб надзённы грэшным промыслам – і іх імёны засталіся ў памяці людской на тысячагоддзі толькі таму, што лёсам ім было прадвызначана прыняць сваю смерць побач са Збаўцам…

Я ўглядаюся ў твары ўкрыжаваных разбойнікаў – і, мала разумеючы сакрэты майстэрства разьбяра, адчуваю, якую тытанічную работу выканаў Валянцін Багдзевіч. Справа нават не ў тым, колькі давялося працаваць рэзчыку: знайсці патрэбнае дрэва – найбольш паслухмяную, падатлівую разцу майстра ліпу выразалі пад Шчучынам, затым высушыць яго – і з неадушаўлёнага чурбана зрабіць фігуру чалавека вышынёй больш за два метры, ды так, што, здаецца, бачны нават апошні глыток паветра, які ў апошнім уздыху ўзняў грудзі пакутніка…

Але галоўнае – не гэта, а твары разбойнікаў…

Гестас зняможана, безнадзейна апусціў галаву, прыплюшчыў вочы: усё скончана, засталася толькі гэтая невыносная пакута, ад якой можа збавіць толькі смерць… І гэты, што вісіць побач, які называў Сябе абраннікам Божым, не ўратаваў…

А Дзісмас глядзіць на ўкрыжаваную фігуру Хрыста са спачуваннем, страхам, з верай і надзеяй: я пакутую за грахі свае – а Ён за што? Ён казаў, што я разам з Ім сёння ж апынуся ў Валадарстве Нябесным – дык, значыць, Ён сапраўды абраннік Бога?



…Я не ведаю, якой сілай таленту трэба валодаць, каб, ніколі не бачыўшы не толькі чалавека, але і больш-менш дакладнай яго выявы, так перадаць у кавалку дрэва глыбіню яго пачуццяў…

Валянцін Багдзевіч – адзін з найбольш вядомых у Беларусі рэзчыкаў па дрэве, выпускнік мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педагагічнага інстытута, удзельнік шматлікіх міжнародных пленэраў у Польшчы, Літве, Беларусі, сусветных выставак у Турцыі і Кітаі. Працуе на ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” рэзчыкам па дрэве ў агратурыстычным комплексе “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”. Па запрашэнні Астравецкага лясгаса ўдзельнічаў у пленэры на Астравеччыне: яго скульптуры ўпрыгожваюць тэрыторыю каля дома паляўнічых ля Задворнікаў.

– Гэтая работа – справа ўсяго майго жыцця, – на хвіліну адрываецца ад працы Валянцін Багдзевіч. – Амаль год назад, 24 лістапада, ксёндз Леанід расказаў мне, як аднойчы падчас малітвы ўбачыў, нібы наяве, у сваім касцёле фігуры двух разбойнікаў, паміж якімі быў распяты Езус Хрыстус. Леанід Пятровіч цікавіўся: ці змагу я выразаць скульптуры гэтых разбойнікаў? І я зразумеў, што гэта шанс, які выпадае мастаку раз у жыцці. Я памаліўся, як умеў, перад алтаром у касцёле Найсвяцейшай Тройцы, папрасіў, каб Бог даў мне сіл, розуму і майстэрства справіцца з гэтай работай…

– Увогуле для майстра выразаць фігуры двух чалавек – па сутнасці, менавіта гэта трэба было зрабіць – справа нескладаная, – працягвае Валянцін Багдзевіч. – Калі б гэта была звычайная работа, яна не заняла б больш двух тыдняў. Але гэты заказ быў асаблівы… Я “пералапаціў” увесь інтэрнэт, усю магчымую літаратуру аб укрыжаванні і смерці Езуса Хрыста. На жаль, пра разбойнікаў, якія былі ўкрыжаваны разам з Хрыстом, вядома мала. І амаль немагчыма знайсці іх скульптуры: у Беларусі нічога падобнага няма, ва ўсім свеце – дзве-тры работы. А мне хацелася, каб не толькі анатамічна фігура адпавядала сапраўднасці, каб гэта была скульптура чалавека, які жыў два тысячагоддзі назад у Іярданіі. Галоўным я лічыў перадаць твары разбойнікаў – іх думкі, пачуцці, пакуты, страхі, надзеі… Я думаў пра гэта няспынна. Мне хацелася, каб у гэтых скульптурах былі бачны жывыя людзі. Прычым яны вельмі розныя. Дзісмас, як вядома, у апошнія хвіліны свайго жыцця паверыў Хрысту і быў уратаваны: па паданню, гэта першы чалавек, які пасля смерці патрапіў у рай. Зараз ён успамінаецца як святы 25 сакавіка і лічыцца апекуном зняволеных – у гонар яго нават названы горад Сан-Дзімас у Амерыцы, штат Каліфорнія. А Гестас пры жыцці так і не раскаяўся, не паверыў – але ў яго, як і ў кожнага чалавека, была магчымасць раскаяцца і паверыць пасля смерці…

– Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву Гродзенскага мясакамбіната і асабліва яго дырэктару Анатолю Георгіевічу Грышуку, якія таксама пранікліся значнасцю гэтай работы, – гаворыць майстар. – Я ж – штатны работнік мясакамбіната, у Каробчыцах – мая майстэрня. І мне не проста дазвалялі працаваць над скульптурамі разбойнікаў тады, калі ў мяне ўзнікала натхненне і жаданне, але і ўсяляк дапамаглі. Без такой падтрымкі справіцца з гэтай работай было б складана…



– Чаму са шматлікіх рэзчыкаў па дрэве, якія працуюць у Беларусі, Вы выбралі менавіта Валянціна Багдзевіча? – цікаўлюся я ў пробашча гервяцкай парафіі.

– Гэтага майстра мне параіў Юрый Талочка, які ўжо шмат гадоў працуе над вітражамі для нашага касцёла: гэтыя два мастакі, як аказалася, даўно ведаюць адзін аднаго, – расказвае гісторыю гэтага лёсавызначальнага знаёмства ксёндз Леанід Несцюк. – І так сталася, што ў той дзень, калі я ўпершыню пачуў пра Валянціна Багдзевіча, вечарам па тэлебачанні дэманстраваўся фільм пра яго творчасць. Я палічыў, што ў гэтым ёсць пэўны знак…

Драўляныя скульптуры Дзісмаса і Гестаса ўстаноўлены ў бакавых навах гервяцкага касцёла. Пазней для іх будуць зроблены спецыяльныя дубовыя крыжы – і яны зоймуць свае месцы ў праёмах паміж вітражамі з выявамі святых.

Паводле www.ostrovets.by, Ніна Рыбік

(AG)

Фота www.ostrovets.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.