Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Дзякуй за духоўныя лекі» — шчырае слова ўдзельніцы пілігрымкі ў Вільню
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.11.2015 10:46

14 лістапада вернікі парафіі Святых Апосталаў Пятра і Паўла з Іўя прымалі ўдзел у пілігрымцы на віленскую зямлю, дзе наведалі многія святыні горада. Сваімі ўражаннямі ад духоўнага падарожжа дзеліцца верніца гэтай парафіі Марыя Коркінец.

«14 лістатапада мне пашчасціла быць удзельніцай пілігрымкі да святых месцаў у Літве. Ініцыятарам і арганізатарам гэтай пілігрымкі з’яўляўся пробашч нашай парафіі ксёндз Ян Гавецкі.

Чытала сама неаднаразова, чула ад святароў, што на зямлі суседняй Літвы ёсць святое месца — Крыжовая гара, або гара Малітваў, якую кожны год наведваюць тысячы людзей з розных куточкаў свету. Цікавая гісторыя Крыжовай гары. Але адна справа чытаць, чуць, і зусім іншая — убачыць на свае вочы.

Сотні тысяч крыжоў! Малых, маленькіх, вялікіх, драўляных, жалезных, з надпісамі і без іх.

Хтосьці пакінуў ружанец, абразік ці яшчэ які знак. І ўсё гэта — сімвалы малітвы людзей да Пана Бога. І ўжо міжволі становішся сведкай людскіх трывог, болю, радасці, просьбаў, падзяк. Усёй істотай пачынаеш адчуваць вялікую сілу Божай любові, і шэптам прамаўляеш свае просьбы з надзеяй атрымаць Божае благаслаўленне і апеку Маці Божай для сябе, для сваіх родных і блізкіх.

Кожны з нас ішоў на гару Крыжоў са сваімі думкамі, просьбамі, і пакінуў там свой знак. Хоць усе мы розныя, але там адчувалася моцная еднасць, калі мы сталі па коле, злучылі рукі і шматразова ўсе разам уголас прамаўлялі малітву да Творцы з надзеяй быць адоранымі Яго ласкай і апекай Маці Божай.

Цяпер на Крыжовай гары будзе стаяць крыж ад імя ўсёй нашай парафіі з надпісам на таблічцы «Дзякуй, Пан Езус, за дар збаўлення і просім Твайго благаслаўлення. Парафія Святых Пятра і Паўла ў Іўі».

Незабыўныя ўражанні застануцца ў памяці ад наведвання капліцы Маці Божай Вастрабрамскай. Тут мы сустрэліся з пілігрымамі з Мінску і  Кракава і ўсе разам прымалі ўдзел у святой Імшы, якую цэлебравалі літоўскі і беларускі святары.

Таксама мы наведалі капліцу Святога Казіміра, дзе з цікавасцю разглядалі рэліквіі гэтай святыні. Разам з іншымі пілігрымамі і вернікамі прынялі ўдзел у святой Імшы. Прыемнай нечаканасцю было для нас, калі на святую Імшу выйшлі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч з вялікай групай біскупаў і святароў з Літвы, Латвіі і Польшчы. І хоць Святое Пісанне гучала на літоўскай мове, хваляванне не пакідала ні на хвіліну. Кожны з нас меў магчымасць адчуць зычлівы поціск рукі святара, прыняць Святую камунію з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Згадзіцеся, такое бывае, можа, раз у жыцці.

На кароткі час затрымаліся ў касцёле Святых Апосталаў Пятра і Паўла. На доўгі час захаваецца ў памяці веліч, непаўторнасць і багацце яго ўнутранага ўбрання. Выходзячы з касцёла, мы сустрэлі маладую пару ў вясельным убранні. Мільганула думка: «Абяцанне вернасці, дадзенае імі падчас сакраманту сужэнства, няхай ніколі не будзе парушана».

Дзякуючы пілігрымцы мы змаглі ўбачыць штосьці іншае, параўнаць, каб яшчэ раз адзначыць для сябе, што — я люблю Беларусь і сваю малую радзіму, дзе нарадзілася і дзе жыву.

На працягу ўсёй пілігрымкі мы маліліся і кожны з нас адчуваў Божую прысутнасць. Дзякуй, Божа, за дар веры, за лекі для душы!»

Марыя Коркінец

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.