Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Выстава «Гродзенская дыяцэзія ўчора і сёння» праходзіць у Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.11.2015 15:04

У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі адкрылася выстава, прысвечаная 25-годдзю Гродзенскай дыяцэзіі, створанай 13 красавіка 1991 г. Папам Янам Паўлам ІІ. Нягледзячы на сваю кароткую гісторыю, землі дыяцэзіі маюць старажытную каталіцкую традыцыю, адлюстраваную ў помніках архітэктуры і сакральнага мастацтва, рэлігійным жыцці і культавай практыцы.

Матэрыялы выставы адлюстроўваюць удзел мясцовага Касцёла ў грамадскім і культурным жыцці краіны, уплыў на развіццё беларускай мовы, фарміраванне яе высокага, рэлігійнага стылю. У цэнтры ўвагі – рэалізацыя шматлікіх праектаў сусветнага каталіцкага руху ў галіне сучасных адукацыйных праграм і тэхналогій, культуры, мастацтва і спорту, арганізацыя фестываляў рэлігійнай песні і парафіядаў.

Асобны раздзел экспазіцыі прысвечаны Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Таксама на выставе ёсць матэрыялы, прысвечаныя святкаванню Юбілейнага 2000 года хрысціянства, каранацыі цудатворных абразоў Маці Божай, кананізацыі святых, жыццё і дзейнасць якіх былі звязаны з беларускімі землямі.



Адна з прыярытэтных задач Каталіцкага Касцёла ў Беларусі – данесці свой голас у працэс фарміравання грамадскага меркавання, таму асобная тэма выставы прысвечана развіццю каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі: між іншым, інфармацыйнаму парталу Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, а таксама І Кангрэсу каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі, які адбыўся ў 2012 г. у Гродне і праходзіў пад дэвізам: «Католікі – мы тут ёсць». Форум сабраў каля ста католікаў-журналістаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Латвіі і Расіі.

Сучасны Каталіцкі Касцёл надае важнае значэнне выданню богаслужбовых і рэлігійных кніг на роднай мове. На гродзенскай выставе прадстаўлены ўзоры беларускамоўнай кніжнай прадукцыі – Імшал, энцыкліка, малітоўнік, кнігі на катэхетычную, агіяграфічную, дзіцячую тэматыку. Значнай падзеяй у грамадска-культурным жыцці краіны стала прадстаўленае на выставе беларускамоўнае выданне Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору (1962–1965), прэзентацыя якога адбылася 21 лютага 2009 г. у семінарыі ў Гродне.



Экспазіцыя таксама адлюстроўвае грамадскую дзейнасць Гродзенскай дыяцэзіі. У ёй, напрыклад, узгадваюцца культурна-асветніцкія мерапрыемствы для беларускай інтэлігенцыі – літаратурныя вечарыны, арганізатарамі якіх сталі валанцёры партала Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by.

Выстава дае ўяўленне аб каталіцкай супольнасці Гродзеншчыны і раскрывае вобраз сучаснага хрысціяніна, які адначасова дбае пра сваё фізічнае здароўе, любіць спорт, які прыносіць чалавеку радасць і задавальненне, карыстаецца прыгожай мовай і шануе сваю культурную спадчыну.

Паводле grodnensis.by

(AG)

Фота grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.