Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дар для ўсяго Касцёла: новых прэзбітэра і трох дыяканаў атрымала Гродзенская дыяцэзія (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.11.2015 20:09

21 лістапада ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч удзяліў прэзбітэрскае пасвячэннe аднаму дыякану і дыяканскае пасвячэнне тром навучэнцам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Новым прэзбітэрам Гродзенскай дыяцэзіі стаў кс. Алег Яновіч, які паходзіць з парафіi Свв. Космы і Дам'яна ў Астраўцы. Дыяканамі сталі Дзяніс Бразінскі з парафіi Св. Міхала Арханёлa ў Смаргоні, Андрэй Ганчар з парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе i Андрэй Скамарошка з парафіi Адшукання Святога Крыжа ў Гродне.

Любіць Хрыста і Яго Касцёл

Прэзбітэрскае і дыяканскае пасвячэнні заўсёды важная падзея для дыяцэзіі, бо такім чынам прыбываюць новыя працаўнікі на ніве Пана, якія будуць з новымі сіламі і маладым запалам абвяшчаць Божае слова і ўдзяляць сакрамэнты вернікам, што чакаюць Бога. Таму ў гэты дзень кандыдатаў да пасвячэння акружала таксама шмат людзей, падтрымліваючы іх малітвамі і просячы аб Божым благаслаўленні, каб яны выканалі гэтае адказнае заданне найлепшым чынам.



Ва ўрачыстай святой Імшы ўдзельнічалі святары, выкладчыкі і выхавацелі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, родныя новапрэзбітэра і дыяканаў і шматлiкiя вернiкi.

Кандыдатаў прадставіў біскупу Аляксандру Кашкевічу рэктар семiнарыi кс. д-р Раман Рачко. Адказваючы на пытанні біскупа, кандыдаты абавязваліся пакінуць многае і поўнасцю аддаць сябе служэнню абвяшчэння Хрыстовага Евангелля, аддаць сябе для дабра і асвячэння людзей.



Рэктар семінарыі ў Гродне кс. Раман Рачко, звяртаючыся да прымаючых пасвячэнне, адзначыў, што Касцёл глядзіць на іх з надзеяй, «як на Божы дар для нашага мясцовага Касцёла і ўсяго Касцёла Хрыстовага». Рэктар пажадаў, каб святарства было для іх перш за ўсё служэннем. «Наследуючы Хрыста, Добрага Пастыра, не выкарыстоўвайце людзей для свайго дабра, але служыце ім праз усё сваё жыццё, кіруючыся іх дабром і асвячэннем», — сказаў кс. Раман Рачко.

Рэктар прасіў кандыдатаў кожны дзень старацца любіць Хрыста і Яго Касцёл і заўсёды быць гатовымі прысвяціць сваё жыццё Евангеллю.

«Заўсёды прыходзьце да Хрыста, як гэта рабілі апосталы, каб з Ім дзяліцца ўсім тым, што сустракаецца ў вашым жыцці, каб у Яго шукаць парады і сілы», — заахвоціў святар.

На заканчэнне гаміліі рэктар, звяртаючыся да ўсіх прысутных, заклікаў іх да малітвы, каб нанова вучыцца цаніць дар Хрыстовага святарства і згодна з даручэннем Езуса маліцца аб гэтым дары новых святарскіх пакліканняў у сем’ях і парафіяльных супольнасцях. «Касцёлу патрэбны святары, інакш ён не будзе тым, чым ёсць, а менавіта Касцёлам эўхарыстычным: Касцёлам, які жыве абвяшчэннем радаснай навіны і цэлебраваннем Эўхарыстыі», — дадаў кс. Раман Рачко.



Служыць усім без выключэння

Новы прэзбітэр Гродзенскай дыяцэзіі ў набліжэйшы час будзе ў адпаведнасці з дэкрэтам біскупа Гродзенскага скіраваны ў сваю першую парафію, а новыя дыяканы вернуцца ў семінарыю, каб далей здабываць веды і рыхтавацца да прэзбітэрскага пасвячэння.

І новы прэзбітэр, і новыя дыяканы пасланы для таго, каб служыць іншым, без выключэння: багатым і бедным, маладым і старым, здаровым і хворым… Гэтая служба, як сказаў на заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч, павінна выконвацца з ахвотай, сумленна і з вялікай адказнасцю, бо Касцёл складаецца з чалавечых сэрцаў і гэта справа вельмі важная. Таму іерарх пажадаў новаму прэзбітэру і дыяканам у сваім штодзённым служэнні Богу і людзям быць «вернымі сынамі Святога Касцёла — нашай Маці».

Таксама гродзенскі ардынарый падзякаваў іх бацькам за сведчанне веры і хрысціянкага жыцця, што, напэўна, паўплывала на іх выбар святарскага жыцця. Біскуп заклікаў усіх працягваць падтрымліваць іх на абранай дарозе службы Богу і людзям, каб былі адданымі і святымі працаўнікамі ў Хрыстовым Касцёле.



Пасля заканчэння літургіі біскуп Аляксандр Кашкевіч, падыйшоўшы да бацькоў новага прэзбітэра і дыяканаў, падзякаваў ім за тое, што аддалі сваіх сыноў на службу Богу, і ў знак пашаны пацалаваў руку маці кожнага з іх.

Папа Францішак неаднаразова звяртаўся да святароў і заахвочваў іх да таго, каб яны не баяліся ісці і несці Хрыста ў кожнае асяроддзе і нават на перыферыі. Таму новыя прэзбітэр і дыяканы таксама пасланы для таго, каб ісці нават на перыферыі, якімі сёння з’яўляюцца месцы і асяроддзі людзей, дзе няма Бога. Туды яны павінны ісці з Хрыстом, кажучы пра Бога, багатага міласэрнасцю.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.