Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У катэдральным касцёле Гродна адрэстаўравалі алтар Святой Тройцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.11.2015 14:59

22 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося асвячэнне адрэстаўраванага 300-гадовага алтара Святой Тройцы. Асвячэнне здзейсніў падчас Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У літургіі прынялі ўдзел шматлікія вернікі Гродна, якія прыйшлі ўбачыць алтар, што апошнія паўтара гады быў закрыты па прычыне рэстаўрацыйных прац, якія праводзілі майстры з Беларусі і Польшчы. На ўрачыстасць таксама былі запрошаны ахвярадаўцы, дзякуючы якім удалося рэалізаваць гэты праект, і самі майстры.

Алтар Святой Тройцы прысутнічае ў гродзенскім катэдральным касцёле з 1727 г., бачачы яго разнастайныя гістарычныя падзеі, і радасныя, і трагічныя. У 1960–1988 святары не маглі цэлебраваць Імшу ў касцёле, але кожную нядзелю і ў свята вернікі збіраліся вакол алтара, запальвалі свечкі, маліліся, спявалі духоўныя песні і праводзілі працэсію. Дзякуючы гэтаму святыню таксама ўдалося захаваць ад знішчэння.


У лютым 2013 г. рэстаўратары пачалi абнаўленне алтара. Спачатку ён быў разабраны і былі адноўлены пашкоджаныя драўляныя часткі, а пасля сборкі яго пакрылі пазалотай – так алтар выглядаў раней. Быў зменены толькі сам колер алтара. Многія часткі скульптур давялося выразаць нанова.

Алтар багата аздоблены, на ім прысутнічаюць шматлікія фігуры святых: св. Яна Евангеліста, св. апостала Яна, свв. Апосталаў Пятра і Паўла, св. Ісідора, св. Дамініка, св. Францішка Асізскага, св. Алаізія Ганзагі. На самым версе ў цэнтры алтара знаходзіцца фігура Езуса Уваскрослага, якая, як мяркуецца, была перанесена ў катэдру з Фары Вітаўта і мае больш за 300 гадоў.


Працы над алтаром праходзілі складана, паколькі пад стыль гэтага алтара будуць рэстаўраваць усе астатнія, паведаміў падчас урачыстасці пробашч парафіі кс. Ян Кучынскі. Святар дадаў, што на гэтым рэстаўрацыйныя працы ў касцёле не завершацца, і выказаў надзею, што дзякуючы ахвярнасці і малітоўнай падтрымцы вернікаў і многіх зычлівых людзей атрымаецца аднавіць іншыя алтары ў катэдры.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне ўрачыстасці падзякаваў усім, хто паспрыяў духоўным і матэрыяльным чынам аднаўленню алтара. Асабліва падзякаваў іерарх пробашчу кс. Яну Кучынскаму за руплівасць у аднаўленні катэдральнай святыні – маці ўсіх касцёлаў дыяцэзіі, якая з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожай. У знак удзячнасці біскуп уручыў ахвярадаўцам і майстрам памятныя дыпломы.

Пасля Імшы ўсе ўдзельнікі атрымалі музычны падарунак – канцэрт у выкананні хору Гродзенскай дыяцэзіі “Cantate Domino”.


Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.