У катэдральным касцёле Гродна адрэстаўравалі алтар Святой Тройцы |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
23.11.2015 14:59 |
22 лістапада, ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылося асвячэнне адрэстаўраванага 300-гадовага алтара Святой Тройцы. Асвячэнне здзейсніў падчас Імшы біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У літургіі прынялі ўдзел шматлікія вернікі Гродна, якія прыйшлі ўбачыць алтар, што апошнія паўтара гады быў закрыты па прычыне рэстаўрацыйных прац, якія праводзілі майстры з Беларусі і Польшчы. На ўрачыстасць таксама былі запрошаны ахвярадаўцы, дзякуючы якім удалося рэалізаваць гэты праект, і самі майстры. У лютым 2013 г. рэстаўратары пачалi абнаўленне алтара. Спачатку ён быў разабраны і былі адноўлены пашкоджаныя драўляныя часткі, а пасля сборкі яго пакрылі пазалотай – так алтар выглядаў раней. Быў зменены толькі сам колер алтара. Многія часткі скульптур давялося выразаць нанова. Працы над алтаром праходзілі складана, паколькі пад стыль гэтага алтара будуць рэстаўраваць усе астатнія, паведаміў падчас урачыстасці пробашч парафіі кс. Ян Кучынскі. Святар дадаў, што на гэтым рэстаўрацыйныя працы ў касцёле не завершацца, і выказаў надзею, што дзякуючы ахвярнасці і малітоўнай падтрымцы вернікаў і многіх зычлівых людзей атрымаецца аднавіць іншыя алтары ў катэдры. Кс. Юрый Марціновіч |
Фотарэпартаж |