Шчучын прыняў эстафету падрыхтоўкі да Сусветнага дня моладзі ў Кракаве |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
23.11.2015 16:51 |
21 лістапада маладыя католікі Шчучына афіцыйна пачалі падрыхтоўку да ўдзелу ў Сусветным дні моладзі, які пройдзе ў ліпені 2016 г. у Кракавe. У гэты дзень душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі і каардынатар СДМ у Беларусі кс. Антоні Грэмза перадаў моладзі шчучынскай парафіі мініяцюры духоўных сімвалаў Сусветнага дня моладзі — крыжа і абраза Маці Божай Salus Populi Romani. Старэйшая моладзь парафіі на чале з а. Вітальдам Пяцельчыцам SP прымала ўдзел у СДМ у Мадрыдзе (Іспанія) у 2011 г. Будучы СДМ у Кракаве стане для многіх маладых людзей са Шчучына першым у іх жыцці.
Шчучын стаў ужо трэцім горадам у Гродзенскай дыяцэзіі, які прымае мініяцюры духоўных сімвалаў СДМ. Першымі пачалі падрыхтоўку да сусветнага форуму маладыя людзі Гродна 17 кастрычніка. Тады ў гродзенскім касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі адбылoся асвячэнне мініяцюр духоўных сімвалаў Сусветнага дня моладзі і ўручэнне іх дэлегацыям парафій горада. |
Фотарэпартаж |