6 снежня, у ІІ Нядзелю Адвэнту, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі адзначаўся Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе. У гэты дзень дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі наведаў маладую парафіяльную супольнасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне, дзе разам з вернікамі маліўся за дабрадзеяў і ахвярадаўцаў Касцёла.
Месца малітвы за тых, хто духоўна і матэрыяльна падтрымлівае Касцёл, было абрана невыпадкова. Гэтая парафіяльная святыня ў Гродне была адна з першых пабудавана пасля пачатку рэлігійнай «адлігі» ў Беларусі пры дапамозе ахвярадаўцаў і розных дабрачынных арганізацый з краін Захаду. Урачыстае асвячэнне касцёла адбылося ў Юбілейны Год хрысціянства – 11 мая 2000 г.
Біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў вернікаў да ўдзячнасці тым людзям, ад якіх атрымалі дабро. Іерарх адзначыў, што трэба ўмець дзякаваць за кожнyю праяву чалавечай ахвярнасці і прыхільнасці і што хрысціяніна павінна характарызаваць такая рыса, як удзячнасць.
У гэты дзень удзельнікі Імшы агарнулі малітвамі ўсе дабрачынныя арганізацыі, што дапамагаюць Касцёлу на Усходзе, які адраджаецца. Таксама дзякуючы іх вялікай малітоўнай падтрымцы адноўлена і пабудавана шмат парафіяльных святынь, стала магчымай рэалізацыя разнастайных праектаў і душпастырскіх ініцыятыў.
Біскуп Юзаф Станеўскі заклікаў сабраных, каб час Адвэнту быў для іх часам выпроствання сцежак для Бога, часам вяртання да міласэрнага Айца.
«Сёння кожны з нас мае абавязак звяртацца да свету словамі святога Яна Хрысціцеля: “Выпрастайце сцежкі для Пана”. Па гэтых сцежках можа крочыць і чалавек няверуючы, каб і для яго Адвэнт урэшце стаў спатканнем з Богам», – дадаў біскуп.
Таксама біскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт хросту новаму парафіяніну, які падчас яго атрымаў імя Аляксандр – па словах іерарха, вельмі папулярнае ў беларускім народзе. Біскуп заклікаў бацькоў новаахрышчанага выхоўваць яго на ўзор нябеснага апекуна, каб ён быў чалавекам адважным, любіў Бога і бліжняга.
Паколькі ў гэты дзень адзначаўся ўспамін святога Мікалая, пасля Імшы дзеці атрымалі ад святога салодкія падарункі.
Кс. Юрый Марціновіч
|