Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першыя святыя місіі прайшлі ў лідскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.12.2015 12:57

Апошні тыдзень лістапада стаў для вернікаў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны ў Лідзе (Індустрыяльны) часам вялікіх Божых ласк, часам аднаўлення, прабачэння, паяднання і любові.

З 22 па 29 лістапада тут праходзілі святыя місіі, якія правялі айцы рэдэмптарысты а. Андрэй Ядкоўскі з Вялікай Бераставіцы і а. Валерый Мазюк з  Гродна (Дзевятоўка). Варта ўзгадаць, што 3 верасня бягучага года парафія адзначыла сваё 15-годдзе, і гэта першыя святыя місіі ў яе гісторыі.

Кожны дзень місій быў непаўторны і непадобны да іншага, са сваёй тэматыкай і набажэнствамі. Багатая і насычаная праграма ахапіла ўсе пласты і ўзроставыя групы вернікаў: маленькіх дзетак і дзяцей школьнага ўзросту, моладзь і бацькоў, пажылых і хворых людзей. Вернікі і госці парафіі мелі магчымасць спыніцца, азірнуцца на пражытыя гады, пераасэнсаваць сваё жыццё, узнавіць веру, паяднацца з Богам і бліжнімі.

У гэтыя дні, як ніколі, адчувалася прысутнасць Бога ў парафіі. Ён нібы праходзіў сярод вернікаў і адорваў кожнага сваёй любоўю і міласэрнасцю, толькі трэба было адчыніць дзверы свайго сэрца і дазволіць Яму дзейнічаць. Аб гэтым, дарэчы, і заклікаў гімн святых місій, які гучаў перад кожнай святой Імшой.

У першы дзень пробашч парафіі кс. Андрэй Агель падчас Імшы ўручыў айцам місіянерам стулы — знак святарскага служэння — і перадаў ключы ад касцёла ў знак таго, што яны на працягу васьмі дзён будуць гаспадарамі парафіі. У гэты ж дзень вернікі пачулі дзіўнае на першы погляд пытанне: якому Богу вы моліцеся? Але праз місійную навуку знайшлі для сябе адказ: Бог, якому кожны павінен маліцца, — гэта любоў, дабрыня і міласэрнасць. Бог ёсць Любоў — гэтае сцвярджэнне яшчэ не адзін раз прагучала на святых місіях.

Другі дзень быў прысвечаны тэме збаўлення ў Езусе Хрысце. Пасля праслуханых навук і разважанняў кожны меў магчымасць запрасіць Божага Сына, як Месію і Збаўцу, у сваё жыццё, сваё сэрца, сваю сям’ю, каб далей жыць ужо з Богам, у Богу і для Бога.

Многім надоўга запомніўся трэці дзень святых місій. Падчас пакутнага набажэнства можна было папрасіць прабачэння не толькі ў Бога, але і ў сваіх блізкіх, родных, суседзяў, нават выпадковых стрэчных. Першым гэта зрабіў пробашч парафіі кс. Андрэй Агель, папрасіўшы прабачэння ў кожнага парафіяніна, пасля ідучы праз касцёл і паціскаючы сотні рук. Яму прабачалі і, прабачаючы, нібы аддавалі свае ўласныя грахі ў рукі пробашча, які пасля паклаў іх перад алтаром, а сам упаў крыжам і маліўся аб прабачэнні грахоў усёй парафіі. У гэты момант маглі расчуліцца нават самыя цвёрдыя сэрцы.

На працягу трох дзён вернікі разам з місіянерамі рыхтаваліся да шчырай споведзі: вучыліся бачыць і  вызнаваць свой уласны грэх, не апраўдвацца, не перакладаць адказнасць за свае ўчынкі на іншага чалавека або абставіны, а цалкам асэнсоўваць сваю ўласную віну і шчыра шкадаваць. Пра вынікі гэтай падрыхтоўкі маглі сведчыць чэргі да канфесіяналаў у чацвёрты дзень святых місій. Скончыўся дзень Крыжовым шляхам.

Вялікі цяжкі крыж, зроблены вернікамі, трымалі па чарзе міністранты, маці, бацькі, моладзь, сужэнствы… На наступны дзень прайшла адарацыя гэтага крыжа. Кожны мог падысці, дакрануцца да яго і прамовіць усім сэрцам: «Езус Хрыстус, Ты — мой Пан!»

Пятніца на святых місіях была прысвечана сям’і. Гэта быў адзін з самых радасных і кранальных дзён. Муж і жонка ў прысутнасці сваіх дзяцей аднаўлялі сужэнскія абяцанні, даючы яшчэ раз перад Богам згоду быць вернымі адно аднаму, жыць ў згодзе, не пакідаючы ў цяжкую хвіліну жыцця.

Амаль кожны дзень місій завяршаўся заклікам да Маці Божай. Хоць быў ужо позні час, за плячыма цяжкі рабочы дзень, але ў касцёле заўсёды было шмат вернікаў, ніхто не спяшаўся дадому, жадаючы сваім спевам і малітвай праславіць Марыю.

А ў суботу вечарам прайшло ўрачыстае прысвячэнне парафіі Маці Божай, якую прасілі ўзяць пад сваю матчыну апеку Касцёл і парафію, святароў і кожнага верніка. Панне Марыі была прысвечана і місійная гамілія. Што трэба рабіць, каб быць сапраўдным сынам/дачкой Марыі? Трэба дазволіць Богу пісаць гісторыю свайго жыцця, як дазволіла зрабіць гэта Марыя. Такі заклік у гэты дзень пачуў кожны прысутны.

Перадапошні дзень быў даволі насычаны. Не засталіся без увагі хворыя і пажылыя людзі, цяжарныя жанчыны і самыя маленькія парафіяне. Кожнаму з іх быў выдзелены свой час на святых місіях, і ўсе змаглі атрымать Божае благаслаўленне.

У апошні дзень місій перад касцёлам быў усталяваны вялікі місійны крыж з памятнай табліцай — сімвалам ахвярнай Любові і відавочным знакам, які пастаянна будзе нагадваць пра гэтую важную падзею ў гісторыі парафіі. Пробашч кс. Андрэй Агель і вернікі шчыра падзякавалі айцам рэдэмптарыстам за праведзеныя святыя місіі. Місіянеры ж вярнулі пробашчу ключ ад святыні і стулы, як знак завяршэння іх служэння.

 

Марына Габіс

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.