8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў адпустовую святую Імшу ў парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе.
Да ўдзелу ва ўрачыстасці былі запрошаны святары, кансэкраваныя асобы і парафіяне. Як адзначыў падчас урачыстасці пробашч парафіі кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі, вернікі гэтай парафіяльнай супольнасці любяць Маці Божую, якая шмат гадоў апякуецца імі і вядзе іх да свайго Сына.
25 гадоў адданага служэння сясцёр Нотр-Дам
Таксама ўдзельнікі ўрачыстасці маліліся за манахінь супольнасці Школьных Сясцёр Нотр-Дам, якія ў гэты дзень дзякавалі Богу за 25 гадоў служэння ў гэтай парафіі і ў Беларусі наогул. Лідская парафія стала іх першай пляцоўкай, калі яны ў 1990 г. прыбылі на нашы землі, каб рэалізаваць свой харызмат.  Заснавальніца гэтай манаскай супольнасці благаслаўлёная Марыя Тэрэза ад Езуса SSND (Kараліна Герхардзінгер) горача жадала еднасці ўсіх у Богу, таму асновамі для супольнасці зрабіла Эўхарыстыю, убоства і прысвячэнне Панне Марыі. Між іншым мэтай супольнасці яна вызначыла выхаванне. Таму сёстры ўжо 25 гадоў выхоўваюць у лідскай парафіі маладыя пакаленні праз катэхетычнае служэнне. Пробашч парафіі падзякаваў манахіням за штодзённае і нябачнае для вока служэнне, асабліва ў катэхізацыі дзяцей і моладзі.
«Марыя пацвярджае, што Божая міласэрнасць не ведае межаў і дасягае ўсіх»
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч, кажучы пра ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, заўважыў: «Марыя была захавана ад першароднага граху, а таксама нават ад найменшага асабістага граху. Такім чынам сам Пан Бог падрыхтаваў свайму Сыну годнае месца ва ўлонні Марыі. Дзякуючы Ёй Хрыстус стаў “адным з нас” дасканалым чынам. Марыя дала Яму цела і кроў, які Ён змог ахвяраваць за нас на кржы і пакінуць нам як пасілак і напой у Эўхарыстыі».
«Без Марыі не было б Хрыста, а без Хрыста не было б Марыі. Марыя – не толькі Маці Хрыста, але і наша Маці. У хвіліну Звеставання Марыя зачала духоўным чынам таксама кожнага з нас. Яна духоўна нарадзіла нас у Бэтлееме разам з Хрыстом, які стаў Галавой Касцёла і Першародным паміж многімі братамі», – дадаў іерарх
«На пытанне: “Хто ты?” – людзі звычайна называюць свой род заняткаў, жыццёвае пакліканне: урач, адвакат, святар і г.д. Марыя ж кажа: “Я – Беззаганнае Зачацце”. Пры гэтым Яна ўказвае на свой прывілей, адзіны ў гісторыі чалавецтва», – звярнуў увагу гродзенскі ардынарый.
Як падкрэсліў біскуп, «апрача Езуса, які з’яўляецца Богам, Марыя адна з усіх людзей Найсвяцейшая, Найдасканалейшая, Найцудоўнейшая, Беззаганная!»
«Калі нам, людзям ХХІ стагоддзя, прыходзіць сёння думка, каб паддацца роспачы, што для нас ужо няма выйсця з той ці іншай сітуацыі, бо столькі ў свеце трагедый, цярпення, няшчасцяў – тады паглядзім на Беззаганную, – параіў іерарх. – Яна падмацуе нашы сэрцы, ажывіць нашу веру, вывядзе нас са сляпога завулку на ясныя, светлыя дарогі Бога. Беззаганна Зачатая, на якую Касцёл штогадова ўказвае нам у Адвэнт, — светлая постаць, якая асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на гэты свет».
Па словах біскупа, «Марыя пацвярджае, што Божая міласэрнасць не ведае межаў і дасягае ўсіх, нікога не выключаючы», і, «каб спазнаць Божую міласэрнасць, адчуць радасць Яго прабачэння і сапраўдную свабоду дзяцей Божых, трэба толькі мець веру і хацець прыняць гэтую Божую любоў». «Таму будзем прасіць Пана, праз заступніцтва Марыі Беззаганнай, каб мы былі людзьмі глыбокай веры», — дадаў іерарх.
«Будзем маліцца, каб Надзвычайны Святы Год Божай Міласэрнасці наблізіў нас і кожнага чалавека добрай волі да Бога, Айца Міласэрнасці», — заклікаў гродзенскі ардынарый удзельнікаў урачыстасці. Вернікі парафіі і госці праспявалі гімн «Цябе, Божа, праслаўляем», такім чынам дзякуючы Пану, які ўжо шмат гадоў благаслаўляе гэтую парафіяльную супольнасць і дазваляе ўзрастаць у Божай ласцы.
Кс. Юрый Марціновіч
|