Каталіцкі і праваслаўны святары ў Гродне благаславілі навабранцаў на службу ў войску |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
14.12.2015 11:40 |
Упершыню прысягу разам прымалі навабранцы ўсіх частак гродзенскага гарнізону: 6-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 557-й інжынернай брыгады, 74-га асобнага палка сувязі, а таксама падраздзяленняў забеспячэння Заходняга аператыўнага камандавання. Каталіцкі Касцёл на цырымоніі прадстаўляў ксёндз Валерый Спірыдон, вікарый парафіі Cвятога Францішка Ксаверыя ў Гродне. Святар пажадаў усім новым беларускім салдатам, каб служба прыносіла ім радасць кожны дзень. У размове з карэспандэнтам Catholic.by ксёндз Валерый Спірыдон адзначыў: «Па сутнасці ў нас няма ваеннага капеланства ва ўзброеных сілах, аднак прынамсі ёсць месца святару на ўрачыстасцях такога характару, як вайсковая прысяга. Я бываю на розных урачыстастях нашых узброеных сіл, і мне здаецца, што гэта падобна да місіі святога Яна Хрысціцеля, які рыхтуе дарогу для Езуса, каб святар у будучыні мог спакойна прыйсці з сакрамэнтамі ў войска». Святар распавёў, што ў мінулым годзе падчас аплатковай сустрэчы да яго прыходзілі вайскоўцы, якія хацелі паспавядацца, і афіцэры дазволілі гэта зрабіць. Таму хрысціянін не павінен баяцца паказаць сваю веру. «Бывае, сустрэнеш чалавека, а ён кажа, што даўно не быў у споведзі, бо быў у арміі. Гэта няправільна. Калі прагнеш Езуса, то Ён прыйдзе, толькі скажы, а мы часта баімся прызнацца, што католікі і хочам да споведзі ці на Імшу», — дадаў кс. Валерый Спірыдон. Кс. Юрый Марціновіч (АлГ) |