У Гродне прайшлі адвэнтавыя рэкалекцыі для супрацоўнікаў аховы здароўя |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
15.12.2015 16:12 |
Паглыбляць адносіны з Богам, умацоўвацца ў веры, адкрываць сэрцы на Божае слова дапамагаў удзельнікам рэкалекцый айцец дамініканін Віталь Сапега OP. На працягу трох дзён медыкі разважалі над праблемай духоўных хвароб, якая стала асноўнай тэмай рэкалекцый. Каб лепш зразумець, як дзейнічаюць механізмы духоўных хвароб і больш шырока паглядзець на чалавека, айцец Віталь напачатку спыніўся на філасофскіх паняццях св. Тамаша Аквінскага пра чалавека і яго душу. Звяртаючыся за прыкладамі да Святога Пісання, святар распавёў пра кожны з галоўных грахоў і паказаў метады барацьбы з імі. «Каб пазнаць сваё цела, запанаваць над ім і падпарадкаваць яго Божай волі, сёння павінна практыкавацца аскеза, — заклікаў а. Віталь. — Вельмі важна знайсці час для цішыні, вылучыць свае дрэнныя схільнасці, узмацніць душу і цела пастом, а таксама быць “духоўна працавітымі”, трываць у малітве і пакліканні».
«Толькі з Езусам наша жыццё можа быць поўным, можа набіраць сэнс і прыносіць плён, — адзначыў рэкалекцыяніст. — А Божае Слова вучыць таму, што карыснае, накіруе на шлях, якім трэба ісці». Найважнейшай часткай рэкалекцый была святая Імша і адарацыя. Усе прысутныя маглі скарыстацца з ласкі сакрамэнту споведзі. (IL) |
Фотарэпартаж |