| Семінарыйны гурт «Ave» выступіў з канцэртам у гродзенскім каледжы |
| Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
| 16.12.2015 10:51 |
|
Семінарысты сустрэліся са студэнтамі гэтай навучальнай установы, каб прыблізіць да іх атмасферу надыходзячых святаў Божага Нараджэння і заахвоціць па-сапраўднаму перажыць радасны час. Падчас сустрэчы з моладдзю гродзенскія семінарысты распавялі ёй пра традыцыі, звязаныя з Божым Нараджэннем. Праз спеў рэлігійных песень музыкі засведчылі, што варта і трэба ісці за голасам Езуса Хрыста, які кліча і дае патрэбныя сілы, каб выканаць давераную місію. З вялікім пазітывам і радасцю моладзь прыняла выступ музычнага гурта. Падобныя музычныя сустрэчы семінарыстаў з навучэнцамі каледжа за апошнія некалькі гадоў сталі ўжо добрай традыцыяй. Самі семінарысты спадзяюцца, што кожны з удзельнікаў адчуў падчас канцэрту ў сваім сэрцы ціхі і пяшчотны голас Бога, які запрашае ў гэты асаблівы святочны час да радасці і ўзаемалюбові. Семінарыйны музычны гурт «AVE» быў заснаваны ў 1993 годзе і з таго часу з’яўляецца важнай часткай семінарыйнай супольнасці. Склад удзельнікаў гурта змяніўся ўжо не аднойчы, але галоўная мэта існавання музычнага калектыву застаецца нязменная — праслаўленне Бога.
Кс. Юрый Марціновіч |
| Фотарэпартаж |


14 снежня з нагоды надыходзячых святаў Божага Нараджэння гурт «Ave» Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне наведаў з канцэртам Гродзенскі прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання.
для друку