У час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння дзіцячы хор парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні (Гродзенская дыяцэзія) рыхтуе святочны канцэрт з разважаннямі, які прадставіць для парафіян, а таксама плануе наведаць вайскоўцаў і іншыя парафіі.
«Quis cantat, bis orat» («Хто спявае, той двойчы моліцца»), – гэтыя словы святога Аўгустына з'яўляюцца дэвізам парафіяльнага хору і маюць для ўдзельнікаў важнае значэнне.
Дзіцячы хор смаргонскай парафіі існуе ўжо некалькі гадоў, а за апошнія тры – чатыры гады склад яго ўдзельнікаў часта змяняўся: хтосьці перайшоў у моладзевую групу, а хтосьці, наадварот, ужо з маленькіх гадоў вырашыў спяваць для Пана. Сёння хор налічвае каля 30 дзяўчынак ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў, якія ахвотна дзеляцца сваімі талентамі. Як кажуць самі дзяўчынкі, спеў для іх – малітва, якая ўпрыгожвае і акрыляе словы, якія яны з сэрца кіруюць да Бога. 
«Наш хор – гэта вялікая дружная сям'я, дзе кожны адчувае сябе важнай часткай, дзе мы ўсе разам шчыра спяваем для Бога, дзе мы радасна і актыўна праводзім свой час, бо адчуваем сябе тут вельмі добра», – кажуць удзельнікі хору.
Мэтай дзіцячага парафіяльнага хору з'яўляецца не толькі спеў падчас святой Імшы ў нядзелю ці ў іншыя святочныя дні, але таксама асабістае ўзрастанне да святасці і актыўны ўдзел у многіх іншых акцыях, прысвечаных розным момантам літургічнага года. За апошнія тры гады дзіцячы хор смаргонскай парафіі ўдзельнічаў у канцэртах «Цэцыліяды», якія кожны год праходзяць у араторыі св. Яна Боско, рыхтаваў і паказваў калядныя сцэны, з якімі наведваў іншыя парафіі, бальніцу, дом састарэлых, вайсковую частку. У студзені 2015 года хор у якасці гасцей удзельнічаў у Фестывалі калядных спеваў у Іўі.
Усе гэтыя акцыі хор можа праводзіць дзякуючы сваім дабрадзеям і супрацоўнікам, а кожную яго ініцыятыву шчыра і ахвярна падтрымлівае пробашч парафіі кс. Алег Жураўскі SDB, якому ўдзельнікі вельмі ўдзячныя за ўсё, што ён для іх чыніць, калі дапамагае ў арганізацыі выездаў. У апошні час святар дапамог змяніць знешні выгляд удзельнікаў хору, спрыяючы шыццю новых касцюмаў з эмблемамі са святым Міхалам Арханёлам.
Дзяўчынкі вельмі ганарацца тым, што належаць да дзіцячага хору, і з гатоўнасцю чакаюць новых прапановаў.

Паводле www.sdb.by
(AG) Фота www.sdb.by
|