Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У гродзенскім мікрараёне Альшанка асвечана новая капліца
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.12.2015 13:32

20 снежня яшчэ адна вечная лампада загарэлася ў новым мікрараёне Альшанка горада Гродна. Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч здзейсніў асвячэнне новазбудаванай капліцы.

Вечная лампада, якая знаходзіцца ў святынях і якая была запалена ў гэты дзень таксама ў новай капліцы, заўсёды прыгадвае аб тым, што там прысутнічае Езус Хрыстус Эўхарыстычны, які займае цэнтральнае месца ў святыні — табэрнакулюм.

Асвячэнне капліцы прынесла вялікую радасць жывой і маладой парафіяльнай супольнасці. Парафія Святога Духа ў Альшанцы была створана ў 2012 г.


Жыццё і радасць

Маладосць вернікаў гэтай супольнасці — найперш маладых сужэнцаў з дзецьмі — можна было адчуць у дзень асвячэння, да якога парафіяне рыхтаваліся праз удзел у адвэнтавых рэкалекцыях. Капліца была не ў стане змясціць усіх вернікаў, шмат людзей стаяла звонку. Асабліва цешыліся дзеці, якія акружылі алтар, абступілі біскупаў і святароў і разам маліліся і спявалі. Катэхізацыяй дзяцей гэтай парафіі займаюцца сёстры назарэтанкі.

Сёння ў парафіі налічваецца больш за 2500 вернікаў, гэта пераважна маладыя бацькі з дзецьмі. На катэхезу прыходзіць усё больш дзяцей — вучні малодшых класаў. На сённяшні дзень у мікрараёне Альшанка пражывае каля 10 тыс. чалавек, але павінна быць каля 70 тыс.

Асвячэнне капліцы, як адзначыў пробашч парафіі кс. Павел Салабуда, стала магчыма дзякуючы вялікай ахвярнасці вернікаў, якія, нягледзячы на складаную матэрыяльную сітуацыю, падтрымліваюць матэрыяльна і малітоўна сваю святыню. Будаўніцтва капліцы стала магчыма таксама дзякуючы спонсарам і людзям добрай волі, якія бачаць патрэбу паўстання новых святыняў, і руплівасць пробашча, які з вялікай адвагай і адказнасцю падышоў да выканання гэтых абавязкаў.

Пабудова капліцы адбылася за вельмі кароткі час: пачалася 10 жніўня гг.


Капліца — душа мікрараёна


Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў гаміліі адзначыў, што праз акт асвячэння новай капліцы Езус Хрыстус пасяліўся ў гэтым раёне і хоча быць заўсёды побач з гэтымі сем’ямі, якія асабліва сёння маюць патрэбу ў Божай дапамозе. Іерарх дадаў, што капліца стане «душой гэтага мікрараёна, у ёй кожны зможа затрымацца на малітве і размове з Богам».

«Нам неабходна быць разам, і разам як Божы народ Касцёла ісці шляхам збаўлення і сведчання ўласнага асвячэння», — сказаў біскуп Юзаф Станеўскі. Іерарх заахвоціў вернікаў збірацца вакол алтара Хрыста і трываць на малітве.

Еднасць вернікаў гэтай парафіі вельмі заўважная. З вялікім запалам яны ўключыліся ў пабудову жывой супольнасці, хутка прыступілі да будаўніцтва, а наперадзе ў іх яшчэ шмат працы: у планах пабудаваць касцёл. Як адзначаюць самі вернікі, з Божай дапамогай гэта будзе магчыма, і яны глядзяць на ўсё з надзеяй і аптымізмам. «Трэба, каб у нашай краіне будаваліся новыя святыні, запальваліся новыя вечныя лампады, бо сёння чалавеку нічога так не трэба, як Пан Бог», — адзначае адна з удзельніц літургіі Тэрэса Троска.


Пабудаваць касцёл разам

Ксёндз Павел Салабуда, дзякуючы ўсім, хто спрыяў правядзенню гэтай урачыстасці, адзначыў, што за імі ўжо два этапы: пляц атрыманы, капліца пабудавана. Святар заахвоціў вернікаў ісці далей і будаваць касцёл з новымі сіламі.

Таксама пробашч запрасіў вернікаў актыўна ўключацца ў жыццё парафіі, бо з 21 снежня ў капліцы кожны дзень будзе цэлебравацца святая Імша і будуць удзяляцца сакрамэнты.

На завяршэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў вернікам парафіі за тое, што яны хочуць мець уласную святыню, і за тое, што прынялі Езуса Хрыста ў свой раён, каб Ён такім чынам мог пасяліцца сярод іх і быць побач з кожным чалавекам. Гродзенскі ардынарый пажадаў вернікам заўсёды трымацца Езуса, які ніколі не дазволіць, каб з Яго вернымі слугамі сталася нешта дрэннае.

Кс. Юрый Марціновіч
Фота Вольгі Голуб

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.