21 снежня ў кляштары Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) у Гродне адбылася аплаткавая сустрэча для патрабуючых і найбяднейшых жыхароў Гродна.
Святы Айцец Францішак шмат увагі прысвячае ў сваім навучанні і штодзённай паслузе становішчу бедных, пакінутых і адзінокіх. Працуюць з такімі асобамі і манахіні назарэтанкі. Ужо шмат гадоў штодня яны гатуюць абед для бедных і патрабуючых. Усё гэта з’яўляецца магчымым дзякуючы людзям добрай волі, а таксама аддзяленню «Caritas» Гродзенскай дыяцэзіі.
У гэтым годзе за некалькі дзён перад святамі пры фінансавай падтрымцы дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» манахіні падрыхтавалі вігілійны стол для тых, хто не зможа сустрэць Божае Нараджэнне ў акружэнні сваiх родных і блізкіх.
Наблізіць свята для тых, хто яго не мае
Многія з тых, хто прысутнічаў на святочным абедзе, не маюць не толькі ўласнага дому, але і родных. Сёстры назарэтанкі імкнуцца стварыць клімат святаў Божага Нараджэння і наблізіць яго для адзінокіх людзей. 
Святочны абед для людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе, распачаўся так, як і ў сям’і на вігілію — з чытання Евангелля аб нараджэнні Езуса Хрыста. Дырэктар Нацыянальнага «Caritas» ксёндз Віталій Дабраловіч падкрэсліў духоўную глыбіню таямніцы Уцелаўлення Божага Сына, якая паказвае Божую любоў і нагадвае пра клопат для кожнага.
Cвятар пажадаў радасных святаў Божага Нараджэння і запэўніў, што Бог падтрымлівае кожнага чалавека, нягледзячы ні на якія жыццёвыя праблемы.
Затым кс. Віталій Дабраловіч асвяціў аплаткі, растлумачыў сэнс дзялення імі і падзяліўся аплаткай з усімі запрошанымі. Кс. Юрый Марціновіч
|