22 снежня супрацоўнікі службы аховы здароўя Лідчыны сабраліся ў капліцы Маці Божай з Люрда, размешчанай на тэрыторыі Цэнтральнай раённай бальніцы ў Лідзе, на аплаткавую сустрэчу перад Божым Нараджэннем.
Сустрэчу праводзіў ксёндз капелан Юрый Бяганскі. Святар распавёў сабраным пра традыцыі і звычаі святаў Божага Нараджэння, патлумачыў сутнасць вігілійнай сімволікі (аплатка, сена, свечка, 12 страў і г.д.).
Капелан заклікаў удзельнікаў сустрэчы да міласэрнасці ў дачыненні да пацыентаў, павагі да калег, што працуюць у сістэме аховы здароўя Беларусі.
Для стварэння атмасферы свята былі запалены свечкі, прачытаны ўрывак аб нараджэнні Хрыста і прамоўлена супольная малітва аб мудрасці, цярпенні, любові, чысціні сэрцаў і здароўі ўсіх медыцынскіх работнікаў і пацыентаў, а таксама немаўлят, якія прыйшлі на свет у Лідскім раддоме на працягу 2015 года.
Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткамі. Прысутныя абмяняліся пажаданнямі і словамі прабачэння адзін у аднаго.
Таццяна Грыгялевіч, старэйшая медсястра неўралагічнага аддзялення (для інсультных хворых), Галіна Якімовіч, галоўная медсястра ЦРБ, (AG)
|