Добра выкарыстоўваць час, які дае Бог, і не марнаваць ніводнай хвіліны жыцця заклікаў 1 студзеня, ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Марыі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Апоўдні першага дня 2016 года іерарх цэлебраваў святую Імшу ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне.
У Эўхарыстыі прынялі ўдзел шматлікія жыхары Гродна, якія пажадалі ў першы дзень года даверыць сваё жыццё Богу праз заступніцтва Божай Маці.
«Яшчэ лепш выкарыстаць час, які маем перад сабой»
Удзельнікі Імшы з аптымізмам веры трывалі на малітве, усведамляючы праўду аб тым, што прамінае гэты свет і на зямлі няма пастаяннага месца прабывання.
У гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў да таго, каб на пачатку новага года ў сэрцы кожнага чалавека «пасялілася моцнае жаданне яшчэ лепш выкарыстаць час, які маем перад сабой». «Мы не ведаем будучыні, але ідзём спакойныя, бо з намі Езус Хрыстус», — сказаў гродзенскі ардынарый.
«У першы дзень новага года Касцёл асабліва ўзіраецца ў асобу Марыі, Божай Маці. Менавіта Ёй Бог даверыў у апеку свайго Сына, Езуса Хрыста. Марыя не змарнавала дару часу, які атрымала ад Бога на здзяйсненне свайго паклікання жонкі і маці. Верная Слуга Панская, Марыя ведала, што павінна рабіць у кожны канкрэтны момант свайго жыцця», — адзначыў біскуп і дадаў, што «Марыя знаходзіла сябе ў кожным з гэтых выпрабаванняў, бо здолела іх адчытаць як волю Божую, а ў сваім сэрцы мела глыбокую веру, паслухмянасць, давер і любоў».
«Як Марыя была прысутная ў жыцці Езуса, няхай будзе прысутная ў нашым жыцці, — пажадаў іерарх. — Няхай мацярынскае заступніцтва Марыі, вернай і пакорнай Слугі Панскай, спадарожнічае кожнаму з нас у поўным цяжкасцяў і небяспек падарожжы праз жыццё».
«Перамажы абыякавасць і здабудзеш мір»
Таксама біскуп нагадаў, што ў першы дзень новага года Касцёл адзначае Сусветны дзень міру. Пасланне Папы Францішка на сёлетні Дзень міру носіць назву «Перамажы абыякавасць і здабудзеш мір».
«Святы Айцец перасцерагае нас усіх перад абыякавасцю адносна Бога, адносна бліжняга і адносна стварэння, — патлумачыў біскуп Аляксандр Кашкевіч. — Такая абыякавасць нясе вялікую пагрозу для сучаснага чалавека, які часта замыкаецца ў сабе перад цярпеннем іншых людзей, замест таго, каб уключацца ў нясенне канкрэтнай дапамогі».
«Папа заклікае да нястомнага перамагання абыякавасці ў сабе паставай міласэрнасці, спачування і салідарнасці. Такая пастава павінна быць праграмай нашага жыцця», — звярнуў увагу гродзенскі ардынарый, пажадаўшы, каб словы Святога Айца і Юбілейны Год Міласэрнасці, які трывае ў Касцёле, былі заахвочваннем для кожнага да ўключэння ў дапамогу бліжнім. «Дапамагаючы гэтым людзям,
мы збіраем сабе скарбы ў небе» «Ёсць нямала людзей, якія маюць патрэбу ў нашай дапамозе. Гэта бедныя, якім патрэбны хлеб. Гэта засмучаныя, якія чакаюць нашага суцяшэння. Гэта самотныя і пакінутыя, якіх мы можам наведаць. Дапамагаючы гэтым людзям, мы збіраем сабе скарбы ў небе», — сказаў іерарх.
Біскуп заклікаў вернікаў карыстацца кожнай нагодай, каб рабіць дабро бліжнім, і памятаць, што «страчаны ніколі не вернецца час». (JM)
|