1 студзеня ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч, найстарэйшы святар Гродзенскай дыяцэзіі і ўсёй Беларусі, адзначыў 90-ю гадавіну свайго нараджэння. У гэты дзень ксёндз прэлат дзякаваў Богу за дар святарства і за ўсіх людзей, якіх Пан паставіў на яго жыццёвым шляху.
З гэтай нагоды кс. Юзаф Трубовіч узначаліў урачыстую святую Імшу ў гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Памаліцца за юбіляра прыбылі дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, святары, кансэкраваныя асобы і вернікі горада Гродна, якім ксёндз прэлат знаёмы і вельмі блізкі. 
Вялікі шанавальнік Багародзіцы
Гамілію на Імшы прамовіў кусташ санктуарыя Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы кс. Міхал Ластоўскi. Святар адзначыў, што ў першы дзень новага года святкуецца ўрачыстасць святой Багародзіцы Марыі. «Таму ў гэты дзень мы набліжаемся да Божай Маці, шукаючы ў Яе абдымках цеплыні, надзеі і любові», — дадаў кс. Ластоўскі.
Па словах святара, ксёндз Юзаф Трубовіч з’яўляецца вялікім шанавальнікам Багародзіцы. «Любоў да Божай Маці і Яе Сына Езуса Хрыста праявілася ў яго верным святарстве, якое ён рэалізуе заўсёды і ўсюды ўжо амаль 60 гадоў», — сказаў кс. Міхал Ластоўскі.
Святар дадаў, што ксёндз прэлат сёння з’яўляецца для многіх духоўных асобаў прыкладам таго, як трэба любіць Бога і бліжняга, а таксама прызнаўся, што прыклад штодзённага служэння і малітвы юбіляра натхніў між іншым і яго самога пайсці за голасам паклікання.

На заканчэнне Эўхарыстыі біскуп Юзаф Станеўскі ад імя Касцёла падзякаваў ксяндзу прэлату за адданае і ўжо амаль 60-гадовае служэнне ў Хрыстовым Касцёле. «Дзякуем сёння Богу за сына нашай зямлі, за яго прыклад веры і малітвы, за яго вялікае сэрца, якое ахоплівае Бога і ўсіх людзей», — сказаў іерарх.
Чалавек малітвы аб новых пакліканнях
Па словах біскупа Юзафа Станеўскага, ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч паспрыяў узрастанню новых пакліканняў да святарства, і шмат яго выхаванцаў, гледзячы на свайго душпастыра, захацелі ісці за голасам Езуса. «Ён заўсёды быў і ёсць указальнікам шляху для нас, паказваў на сапраўднае дабро — Езуса Хрыста і Яго Маці», — адзначыў біскуп.

Падчас урачыстасці прагучала шмат сардэчных слоў у адрас ксяндза прэлата. Вернікі гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у якой юбіляр служыць ужо больш за 15 гадоў, пажадалі яму доўгіх гадоў жыцця, а таксама пажадалі заставацца духоўным правадніком у веры, асабліва для дзяцей і моладзі.
Сам ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч выказаў Богу ўдзячнасць за ўсё дабро, якое атрымаў. Юбіляр прыгадаў усіх тых, хто паспрыяў распазнанню ім дарогі святарства, бацькам за выхаванне ў веры і ўсім людзям, якіх за ўсе гады служэння ў розных парафіях Бог паставіў на яго жыццёвым шляху.
«Хачу найперш падзякаваць Пану Богу, бо гэта з Яго святой волі ўсё сталася», — падсумаваў свой шлях юбіляр і дадаў, што яго жаданне — каб «усе людзі жылі паводле Божай волі» і імкнуліся да святасці, якая «засноўваецца на паслухмянасці Божай волі».
Усіх сабраных вакол Хрыстовага алтара ў дзень свайго 90-годдзя ксёндз прэлат заахвоціў маліцца аб новых пакліканнях да служэння ў Касцёле. «Усіх вас прашу, маліцеся аб новых пакліканнях. Малітва аб пакліканнях вельмі важная і з’яўляецца крыніцай кожнага паклікання», — падкрэсліў святар. 
Ксёндз прэлат Юзаф Трубовіч нарадзіўся 1 студзеня 1926 года ў вёсцы Невярышкі на Браслаўшчыне, у сям’і Баляслава Трубовіча і Генуэфы з Міцкевічаў-Сташэўскіх. Яго бацька быў шаўцом, маці — хатняй гаспадыняй.
Пакліканне да святарства адкрыў вельмі рана, будучы яшчэ дзіцём. Скончыў духоўную семінарыю ў Рызе (Латвія). Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 30 верасня 1956 г. у Рызе з рук біскупа Казіміра Дулбінскага. Пасля на працягу 20 гадоў служыў у Латвіі: спачатку як вікарый у Ліепаі, потым як пробашч парафіі ў Курмені, парафіях у Канкалі і Эрбергу.
У Беларусь прыбыў у 1977 г., па просьбе гродзенскіх вернікаў стаў служыць у парафіі Маці Божай Анёльскай у Гродне (францішканскі касцёл).
У 1988 г. ксёндз Юзаф Трубовіч быў адазваны біскупам Юліянам Вайводсам у Рыгу працаваць прэфектам семінарыі. Пасля чатырох гадоў працы ў рыжскай семінарыі святар вярнуўся ў Гродна, дзе затым сем гадоў быў пробашчам катэдральнай парафіі Св. Францішка Ксаверыя. З 1999 г. ксёндз Юзаф Трубовіч з’яўляецца рэзідэнтам пры гродзенскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Святар напісаў дзве кнігі, першую з якіх — «Шлях звычайнага жыцця» — выдаў у 2006 г. з нагоды 50-годдзя прэзбітэрскага пасвячэння. У кнізе святар падзяліўся ўспамінамі з савецкіх часоў і ўражаннямі душпастырскага служэння.
Другая кніга пад назвай «Як наконт праўды і рэальнасці?» выпушчана ў 2013 г. выдавецтвам Гродзенскай дыяцэзіі, у ёй аўтар прыгадвае навучанне Касцёла ў пытаннях веры, перасцерагае перад дзеяннем шатана.
У верасні 2016 года кс. Трубовіч адзначыць 60 гадоў святарства.
Кс. Юрый Марціновіч
|