Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Аплаткавая сустрэча манахінь Гродзенскай дыяцэзіі: «Пакажыце сённяшняму свету сваю любоў»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
05.01.2016 12:40

4 студзеня ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгідскім) у Гродне адбылася першая ў новым годзе сустрэча манахінь, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі. Сёстры сабраліся на свой дзень духоўных разважанняў таксама для таго, каб падзяліцца аплаткай і скласці адна адной святочныя віншаванні.

Падчас сустрэчы кансэкраваныя асобы маліліся перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакамэнтам, паслухалі канферэнцыю і прынялі ўдзел у святой Імшы, якую ў інтэнцыі ўсіх манахінь Гродзенскай дыяцэзіі і тых спраў, якія яны здзяйсняюць, узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.


Карыстаючыся нагодай, іерарх асабліва падзякаваў сёстрам за адданае і штодзённае служэнне ў Касцёле. Таксама гродзенскі ардынарый заахвоціў іх да далейшай руплівасці ў катэхізацыі маладых пакаленняў дыяцэзіян. Біскуп заклікаў манахінь да таго, каб яны сваімі малітвамі працягвалі падтрымліваць Касцёл на Гродзеншчыне і ўсе пастырскія праекты, якія ў ім рэалізуюцца.

Дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў гаміліі адзначыў, што святы Божага Нараджэння заўсёды нагадваюць аб прыйсці ў свет Божага Сына, які прынёс людзям збаўленне. Таксама іерарх узгадаў пра распачаты ў Паўсюдным Касцёле Юбілейны Год Божай Міласэрнасці, які нясе надзею на лепшыя часы, на перамену чалавечага жыцця і на роздум над сваімі паводзінамі.


Біскуп заахвоціў манахінь быць прыкладам для людзей, давераных ім, у чыненні дабра. «Пакажыце сённяшняму свету сваю любоў да дзяцей, моладзі і ўсіх вернікаў. Паказвайце гэта не толькі ў катэхетычных залах, але і выходзьце да людзей, ідзіце туды, дзе ёсць такая патрэба», — сказаў іерарх.

Сустрэча завяршылася дзяленнем аплаткай і ўзаемнымі віншаваннямі.


Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.