Адразу пасля навагодніх святаў хлопцы і дзяўчаты са смаргонскага Савіо-клуба выехалі на двухдзённы адпачынак і духоўныя практыкаванні ў Лебедзева. Канікулы сталі для іх добрай нагодай, каб пабыць разам, лепш пазнаць адзін аднаго, пазнаёміцца з некаторымі правіламі сваёй суполкі і абмеркаваць іх.
Галоўнай тэмай першага дня было правіла «Ставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці». Удзельнікі сустрэчы разбіліся на малыя групы, у якіх дзяліліся сваімі думкамі, намагаючыся як мага лепш зразумець сэнс першай Божай запаведзі. Гэтую працу папярэдзіла сцэнка, падрыхтаваная аніматарамі Савіо-клуба: багацце, сям’я, гаджэты і поспех без Бога давядуць да бяды, і толькі калі Бог на першым месцы, усё набывае сапраўдны сэнс і прыносіць шчасце.
Нягледзячы на даволі моцны мароз, весела і радасна прайшла гульня на вуліцы, прапанаваная аніматарамі. Акрамя таго, сабраныя з цікавасцю паглядзелі першую частку фільма «Я выбіраю рай» пра жыццё святога Філіпа Нэры, заснавальніка першага араторыя. Час на прагляд фільма быў абмежаваны, таму другую частку ўсе пагадзіліся паглядзець разам ужо ў араторыі ў Смаргоні.
Вельмі важнай часткай дня стала святая Імша і малітва на Брэвіярыі. 
Другі дзень, 3 снежня, пачаўся падрыхтоўкай да нядзельнай святой Імшы ў парафіі ў Лебедзеве, а затым сабраныя перайшлі да абмеркавання другога правіла Савіо-клуба «Жыць з’яднанымі з Езусам і паміж сабою». Добрай базай для разважанняў стаў фільм, прагледжаны напярэдадні. Таксама ўспомнілі ў гэтым кантэксце жыццё Дамініка Савіо, які з’яўляецца галоўным прыкладам для кожнага ўдзельніка клуба. Асабліва звярнулі ўвагу на яго моцную сувязь з Богам і сапраўдную дапамогу патрабуючым. Аб гэтым нагадала аніматар Віялета падчас міні-канференцыі.
З дапамогай сястры Ірыны Барцэвіч FMA сабраныя ўзгадалі, што бягучы год з’яўляецца ў Касцёле Годам Міласэрнасці, разам падзяліліся думкамі, як пражыць гэты час, каб стаць яшчэ на некалькі крокаў бліжэй да Айца Нябеснага і быць сапраўднымі місіянерамі Божай Міласэрнасці. Айцец Павел Шчарбіцкі SDB нагадаў: «Час – гэта вялікі дар ад Бога! І ўжо ад нас залежыць, як мы яго выкарыстоўваем».
Працягам сустрэчы стала камандная гульня «Кракадзіл», падчас якой хлопцы і дзяўчаты вучыліся падтрымліваць і лепш разумець адзін аднаго. Пасля заключнай малітвы яны падзякавалі гаспадарам гасціннага дома і развіталіся з надзеяй на хуткую новую сустрэчу.
Паводле www.sdb.by
(AG)
Фота www.sdb.by
|